Мянчук купляў электракар і спытаў меркаванне «задаволенага кліента»
6- 3.12.2024, 14:57
- 9,878
Пасля гэтага ў яго зніклі апошнія сумневы і грошы.
Жыхар Менска стаў ахвярай махляроў пры спробе набыць электракар з-за мяжы. Спачатку ён сумняваўся ў сумленнасці прадаўца, але яго пераканаў адзін з «задаволеных кліентаў», паведамілі ў міліцыі.
Мянчук праз мэсанджар знайшоў аб'яву аб продажы электрамабіляў з Кітая і Карэі і звязаўся з прадаўцом. Мэнэджар прапанаваў выгадныя ўмовы, і мужчына надумаў укласці дамову.
Згодна з умовай патрабавалася адразу ўнесці 70% ад кошту аўтамабіля ў якасці папярэдняй аплаты. Тут пакупнік засумняваўся ў бяспецы ўгоды і папрасіў кантакт кліента, якому фірма ўжо прыгнала аўтамабіль.
«Пасля размовы з уладальнікам электрамабіля я быў упэўнены, што супрацоўнічаю не з ашуканцамі», — прызнаўся мянчук.
Паразмаўляўшы са «шчаслівым уладальнікам» аўто, ён перавёў прадаўцу больш за 30 тысяч рублёў.
Ашуканцы паабяцалі даставіць электракар на працягу 7-10 дзён, але перасталі выходзіць на сувязь па заканчэнні гэтага тэрміна. Усвядоміўшы падман, мянчук звярнуўся ў міліцыю. Распачатая крымінальная справа.