«Вайсковы і цывільны флот РФ займаецца шпіянажам па ўсім свеце»
5- 30.12.2024, 19:06
- 7,666
Эксперт растлумачыў, як гэта працуе.
Затрыманы ў Фінляндыі карабель расейскага ценевага флоту Eagle S – не першы, які трапіўся на шпіянажы. І вайсковы, і нават цывільны флот РФ выкарыстоўваецца для шпіёнскай дзейнасці па ўсім свеце даволі доўгі час.
Пра гэта расказаў былы супрацоўнік КДБ СССР і Службы знешняй выведкі РФ Сяргей Жырноў.
– Цяпер заходнія краіны ставяць пытанне, што ўвогуле трэба заканадаўства мяняць… Таму што сітуацыя змяняецца і ў сувязі з сітуацыяй, якая змяняецца, час мяняць і міжнароднае права, – адзначыў ён.
Жырноў растлумачыў, што ў Расеі няма такой колькасці радараў, каб «слухаць увесь свет» з космасу, таму яна выкарыстоўвае з гэтай мэтай караблі.
«Гэта не вельмі дорага, таму што яны рассякаюць акіяны розныя па ўсім свеце, і кожны такі карабель у залежнасці ад апаратуры, якую нясе, можа запісваць усё, што вакол у радыёэфіры адбываецца, потым усё гэта расшыфроўваецца Масквой… Кожны раз, калі такі карабель прыходзіў у нейкі порт, гэтыя кампутары злівалі гэтую інфармацыю адпаведным тэхнічным працаўнікам, і яны перапраўлялі яе ў Маскву для аналізу таго, што адбываецца ў радыёэфіры. Гэта цікавая рэч і для вайскоўцаў, і для цывільных мэтаў.
Не патрабуе ўстаноўкі стацыянарных прыладаў, а проста караблі, якія ходзяць па ўсіх морах і акіянам, запісваюць, што адбываецца, у сваім рэгіёне. З гэтага складаецца суцэльная карціна. Плюс у Расейскай Федэрацыі ёсць яшчэ базы, напрыклад у Сірыі, на якіх таксама стаяла, зразумела, радыёапаратура, якая пісала ўвесь эфір у тым рэгіёне, дзе яны стаялі. Безумоўна, вайскоўцаў заўсёды такая інфармацыя цікавіць», – расказаў былы выведнік.
Ён таксама адзначыў, што ў гісторыі з караблём Eagle S яго зацікавіла інфармацыя пра турэцкае абсталяванне на ягоным борце. Бо Турцыя – краіна NATO.
«Для мяне зусім дзіўная рэч – пачуць, што нейкае турэцкае абсталяванне, нейкія турэцкія тэлефоны працавалі на карысць Расейскай Федэрацыі і шпіёнілі на карысць Расейскай Федэрацыі. Гэта вельмі дзіўная гісторыя, і яна павінна, калі гэта ўсё будзе пацверджанае, расследавацца асобна зусім», – сказаў Сяргей Жырноў.