3 студзеня 2025, Пятніца, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля

4
Суд выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля
ЮН СОК ЁЛЬ

Следчыя павінныя арыштаваць адхіленага прэзідэнта да 6 студзеня.

Акруговы суд Сеула выдаў ордэр на арышт адхіленага ад улады прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля, які 3 снежня паспрабаваў абвясціць у краіне ваеннае становішча, за што яму быў аювешчаны імпічмент і ён быў абвінавачаны ў бунце, піша ВВС

Юн Сок Ёль за апошнія два тыдні тройчы праігнараваў выклікі на допыт, і ў выніку следчыя ў нядзелю ўвечары падалі ў суд хадайніцтва аб ордэры на арышт.

Адвакат Юна называе гэтае хадайніцтва незаконным.

Следчыя павінныя арыштаваць адхіленага прэзідэнта да 6 студзеня; па заканчэнні гэтага тэрміна ім давядзецца прасіць суд аб падаўжэнні ордэру.

Ці ўдасца следству арыштаваць Юна, невядома: ім могуць перашкодзіць ахова прэзідэнта і яго прыхільнікі.

Ахова раней ужо не прапусціла следчых у офіс прэзідэнта і яго асабістую рэзідэнцыю, хаця ў іх быў ордэр на ператрус гэтых памяшканняў.

У гісторыі Паўднёвай Карэі ўжо былі выпадкі, калі ўлады адмаўляліся ад спробаў арыштаваць вядомых палітыкаў з-за таго, што арышту фізічна перашкаджалі іх асяроддзе і прыхільнікі.

Адвакаты Юн Сок Ёля ў панядзелак заявілі, што следчыя не маюць падстаў яго арыштоўваць, паколькі прэзідэнт паводле канстытуцыі мае права абвяшчаць ваеннае становішча.

Сам Юн яшчэ ў першай палове снежня адхіліў абвінавачанні ў спробе бунту і заявіў, што ўвядзенне ваеннага становішча было «палітычна выверанай пастановай» і ён прыняў яго, каб абараніць дзяржаву ад апазіцыі, якая паралізавала працу ўрада.

Дзе менавіта зараз знаходзіцца Юн Сок Ёль, невядома. Выязджаць з краіны яму забаранілі.

Афіцыйна ён застаецца прэзідэнтам. Ён адхілены ад выканання прэзідэнцкіх абавязкаў з 14 снежня, калі парламент прагаласаваў за яго імпічмент, але для таго, каб зрушыць яго з пасады, імпічмент павінен ухваліць Канстытуцыйны суд Паўднёвай Карэі.

Пры гэтым цяпер у складзе Канстытуцыйнага суда - усяго шэсць суддзяў з прадугледжаных законам дзевяці. Суд можа працаваць і з шасцю суддзямі ў складзе, але ў гэтым выпадку, каб аднавіць Юна на пасадзе, будзе дастаткова аднаго голасу.

Парламент, каб падвысіць свае шанцы, прапанаваў прэм'ер-міністру Хан Док Су, які стаў часова выканаўцам абавязкаў прэзідэнта, кандыдатуры трох адсутных суддзяў, але той адхіліў іх.

Апазіцыя ў парламенце ў адказ абвінаваціла Хана ў тым, што ён дзейнічае ў інтарэсах Юна, і 27 снежня прагаласавала ўжо за імпічмент Хана.

У выніку выканаўцам абавязаў і прэзідэнта, і прэм'ера стаў першы намеснік прэм'ера, міністр эканомікі і фінансаў Чхве Сан Мак. Цяпер апазіцыя пагражае імпічментам і яму.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках