Прадаўжаем верыць
31- Наталля Радзіна
- 31.12.2024, 12:22
- 18,748
Час працуе на нас.
Многія сёлета адмовіліся ад традыцыі падводзіць вынікі года. Занадта ўсё складана і нявызначана. Людзі ў разгубленасці і не ведаюць чаго чакаць.
Мяркую, што чакаць нічога не трэба. Трэба проста жыць і рабіць тое, што мы можам. А можам мы нямала. Заставацца людзьмі. Дапамагаць адно аднаму. Любіць сваю краіну. Не страчваць надзеі.
Сёння нам як ніколі трэба трымацца адно аднаго. Памятаць, што заўсёды камусьці цяжэй, чым нам. Падумайце пра тых, хто будзе сустракаць Новы год у беларускай турме ці на фронце ва Украіне. Ім сапраўды цяжка, ім сапраўды патрэбная дапамога і падтрымка.
Каляды я адзначала з жанчынамі-палітвязнямі, якія прайшлі праз беларускія турмы. Адна з іх, маючы вышэйшую адукацыю, працуе сёння ў Варшаве на самай простай працы, здымае невялікі пакой, але, нягледзячы на складанасці, кажа: “Пасля турэмнага пекла мне ўсё падабаецца, галоўнае - я ў бяспецы”.
Іншая жанчына, якая нядаўна выйшла з турмы, расказала, што яе з іншымі вязнямі падтрымлівала ў зняволенні: "Мы думалі пра ўкраінцаў пад ракетнымі абстрэламі, і разумелі, што ім яшчэ горш". Мяне ўразілі гэтыя словы. Знаходзячыся ў найскладанейшых умовах, гэтыя жанчыны знаходзілі сілы на спачуванне і суперажыванне іншым!
Разумею, як цяжка сёння ў Беларусі. Але ведаю, што нават за дыктатурай людзі ўсё роўна жывуць надзеяй. Шануюць тое, што ў іх ёсць, сваю сям'ю, блізкіх людзей. Працуюць, лечаць, вучаць, твораць, як могуць дапамагаюць адзін аднаму і вераць, што аднойчы ўсё зменіцца да лепшага.
Трэба працягваць верыць у сваю краіну і беларусаў, дзе б мы ні былі. Ніякія палітыкі не могуць расчараваць вас настолькі, што вы адмовіцеся ад радзімы. Трэба ўзняцца над усімі канфліктамі і спрэчкамі і прыкласці ўсе намаганні, каб мы маглі жыць у сваёй нармальнай дзяржаве.
Сотні тысяч грамадзян Беларусі былі вымушаныя кінуць усё і паехаць у чужыя краіны. Куды б я ні прыехала, усюды сустракаюся з суайчыннікамі. І вось мае назіранні: практычна ўсе сустрэтыя мною беларусы шукаюць і знаходзяць сябе ў новых умовах, шмат працуюць, поўныя надзеі і гатовы вярнуцца дадому пры змяненні сітуацыі. Пакуль жа яны набываюць досвед, які, безумоўна, спатрэбіцца нашай краіне.
Зноў жа на Каляды я была на беларускім набажэнстве ў варшаўскім касцёле святога Аляксандра. Гэта ўражвала. Вялізны храм быў поўны, людзі стаялі нават на дварэ. Разам з ксяндзом Вячаславам Баркам беларусы маліліся за ўсіх палітычных зняволеных, за ваяроў ва Украіне, за свабодную і дэмакратычную Беларусь. І такая сіла была ў гэтым, што не было ніякіх сумневаў: усё ў нас будзе, усё атрымаецца.
Галоўнае ніколі нельга страчваць надзеі. Аб'ектыўна час працуе на нас і супраць Лукашэнкі. Паглядзіце на гэтае старое лядашчае пудзіла, якое ледзь перасоўвае ногі. Ад страху яно настолькі ашалела, што спрабуе пагражаць свету няіснымі ядзернымі ракетамі. Галоўны ж спонсар гэтага ўбоства - Расея - таксама высільваецца вайной. Пуцін такое ж рыззё, хадзячы труп. Яны ж напраўду нічога больш не могуць, акрамя як палохаць нас са сваіх апошніх бездапаможных сіл.
Таму я зноў хачу сказаць у канцы гэтага чарговага няпростага года: прадаўжайце верыць. Мы нічога не страцім, але набудзем вельмі шмат: шчасце, спакой і энэргію, каб жыць і дзейнічаць.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org