Дэлегацыя з Кітая зробіць рэдкі візіт на Тайвань
1- 4.12.2024, 19:53
- 2,970
У Тайбэі адбудзецца гарадскі форум.
У канцы снежня Тайбэй прыме рэдкі візіт - кітайскую дэлегацыю высокага ўзроўню, калі намеснік мэра Шанхая Хуа Юан наведае штогадовы гарадскі форум. Паездка адбудзецца на фоне падвышанай напружанасці ў Тайваньскай пратоцы, паведамляе Reuters.
Юан 16-17 снежня наведае форум Тайбэй-Шанхай, які пачалі праводзіць у 2010 годзе, паведаміў журналістам у сераду, 3 снежня, прадстаўнік гарадскога ўрада Тайбэя Інь Вэй.
Са слоў Вэя, гэта будзе ўжо 15-ты такі форум і ў мінулым было падпісана 45 мемарандумаў аб узаемаразуменні, што «вельмі добры вынік» для ўзаемадзеяння паміж гарадамі па розныя бакі Тайваньскай пратокі.
Кітайскае інфармацыйнае агенцтва Xinhua пацвердзіла, што форум пройдзе ў Тайбэі сёлета.
«Абмен паміж гарадамі паміж двума берагамі Тайваньскай пратокі спрыяе ўмацаванню сувязяў і дабрабыту суайчыннікаў з абодвух бакоў пратокі, а таксама мірнаму развіццю стасункаў», - гаворыцца ў кароткім паведамленні агенцтва.
Мэр Тайбэя Чан Вань-ань - прадстаўнік галоўнай апазіцыйнай партыі на Тайвані Гаміньдан, якая традыцыйна выступае за больш цесныя сувязі з Пекінам і дыялог, хоць і адмаўляе сваю прапекінскую пазіцыю. Чан уважаецца за «ўзыходзячую зорку» партыі і нават разглядаецца як будучы кандыдат у прэзідэнты выспы. Летась ён наведваў Шанхай для ўдзелу ў такім жа гарадскім форуме.
Кітай уважае Тайвань за сваю тэрыторыю і не выключае магчымасці выкарыстання сілы для атрымання кантролю над востравам. Пекін праводзіць ваенную дзейнасць паблізу Тайваня, у тым ліку рэгулярна адпраўляе знішчальнікі ў паветраную прастору вакол вострава.
Тайваньскі ўрад намагае на аднаўленні дыялогу з Кітаем, але Пекін адмаўляецца размаўляць з прэзідэнтам Уільямам Лаем, бо ўважае яго «небяспечным сепаратыстам». Лай прытрымліваецца пазіцыі, што толькі народ Тайваня можа выбіраць сваю будучыню.