Сабаленка ўвайшла ў топ-5 самых высокааплатных спартовак свету
3- 4.12.2024, 20:14
- 2,168
Першае месца ў рэйтынгу заняла амерыканская тэнісістка Коры Гаўф.
Амерыканская тэнісістка, трэцяя ракетка свету Коры Гаўф стала самай высокааплатнай спартоўкай 2024 года, беларуска Арына Сабаленка заняла пятае месца. Штогадовы рэйтынг апублікаваў партал Sportico.
26-гадовая Сабаленка закончыла сезон на першым месцы ў рэйтынгу WTA, перамагла Australian Open і US Open. За год яна зарабіла $17,7 млн, з якіх $9,7 млн – прызавыя.
20-гадовая Гаўф у мінулым сезоне перамагла Выніковы турнір WTA, дайшла да паўфіналаў на Australian Open і «Ралан Гарос», а таксама перамагла на «Ралан Гарос» у парным разрадзе.
Sportico падлічыў, што Гаўф зарабіла ў мінулым годзе $30,4 млн. З іх $9,4 млн складаюць заробак/прызавыя, $21 млн – розныя спонсарскія кантракты.
Гаўф займае першае месца ў рэйтынгу другі год запар. Яна ўсяго толькі трэцяя спартоўка, якая зарабіла больш за $30 млн за год, пасля Наомі Осакі і Серэны Уільямс.
У цэлым у топ-15 увайшлі прадстаўніцы пяці відаў спорту, з якіх дзевяць тэнісістак. Яны зарабілі блізу $221 млн, што на 27% больш, чым летась. 11 спартовак зарабілі не менш як $10 млн, у параўнанні з шасцю ў 2023-м.
У топ-5 самых высокааплатных спартовак таксама ўвайшлі: Эйлін Гу (Кітай, фрыстайл, $22,1 млн), Іга Свёнтэк (Польшча, тэніс, $21,4 млн) і Чжэн Цыньвэнь (Кітай, тэніс, $20,6 млн).