МЗС Чэхіі заявіў пра датычнасць Расеі да 100 дыверсій у Еўропе
3- 4.12.2024, 20:21
- 3,978
Сёлета ў Еўропе адбылося 500 падазроных інцыдэнтаў.
Расея можа мець дачыненне да ста «падазроных інцыдэнтаў» у Еўропе цягам 2024 года, заявіў міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпоўскі перад сустрэчай кіраўнікоў МЗС краінаў NATO ў Брусэлі.
«Сёлета ў Еўропе адбылося 500 падазроных інцыдэнтаў. Да 100 з іх можна аднесці да расейскіх гібрыдных нападаў, шпіянажу і аперацыяў уплыву. Мы павінны паслаць Маскве выразны сігнал, што мы гэтага не пацерпім», – цытуе Ліпоўскага Euronews.
Паводле словаў кіраўніка брытанскай выведкі Рычарда Мура, Масква паводзіць сябе «безразважна», праводзячы дыверсіі ў Еўропе.
«Нядаўна мы раскрылі дзіўна безразважную кампанію расейскіх дыверсій у Еўропе, нават нягледзячы на тое, што Пуцін і ягоныя паплечнікі звяртаюцца да ядзерных пагрозаў, каб сеяць страх перад наступствамі дапамогі Украіне. Такая дзейнасць і рыторыка небяспечныя і абсалютна безадказныя», – заявіў Мур.
Са свайго боку, кіраўнік Галоўнай управы знешняй выведкі Францыі Нікаля Лернер адзначыў, што «калектыўная бяспека ўсёй Еўропы знаходзіцца пад пагрозай» праз сітуацыю ва Украіне.
Кіраўнік Федэральнай выведнай службы Нямеччына Бруна Каль у канцы лістапада заяўляў, што акты дыверсій у заходніх краінах, за якімі стаіць Расея, могуць спрыяць таму, каб NATO задумалася пра ўжыванні артыкула 5 статута аб калектыўнай абароне.
«Шырокае выкарыстанне Расеяй гібрыдных захадаў павышае рызыку таго, што NATO ў канчатковым выніку разгледзіць магчымасць ужывання артыкула 5 аб калектыўнай абароне. У той самы час нарошчванне Расеяй ваеннага патэнцыялу азначае, што прамая ваенная канфрантацыя з NATO становіцца для Крамля адным з магчымых варыянтаў», – казаў ён.
У сваю чаргу дырэктар службы ўнутранай выведкі Вялікай Брытаніі MI5 Кен Макалум заяўляў, што верагоднасць дыверсій на аб'ектах крытычнай інфраструктуры ў Еўропе істотна вырасла, паколькі расейскія шпіёны спрабуюць «спарадзіць хаос на брытанскіх і еўрапейскіх вуліцах». Павелічэнне колькасці такіх спробаў ён назваў «ашаламляльным». У лістападзе ў Балтыйскім моры былі пашкоджаныя два тэлекамунікацыйныя кабелі, а ў мінулую нядзелю адбыўся новы разрыў інтэрнэт-кабелю паміж Швэцыяй і Фінляндыяй. У Славакіі пачалі расследаванне магчымай падрыхтоўкі тэрактаў на крытычна важных аб'ектах інфраструктуры. «Мы злавілі групоўку, у машыне ў якой былі знойдзеныя некалькі дронаў, тэлефонаў, сім-картаў, а таксама карты з адзначанымі крытычна важнымі аб'ектамі інфраструктуры Славакіі. Гаворка ідзе канкрэтна пра трубаправод "Дружба"», – паведаміў міністр унутраных справаў Славакіі.