Лаўрэатку Нобелеўскай прэміі Наргіз Махамадзі часова вызвалілі з іранскай турмы
4- 4.12.2024, 20:44
- 3,426
Прычына ў стане здароўя.
Лаўрэатку Нобелеўскай прэміі міру іранку Наргіз Махамадзі часова вызвалілі з турмы праз стан здароўя, паведаміў у Х яе адвакат Мастафа Нілі.
«Паводле высновы судмедэксперта, пракуратура Тэгерана прыпыніла выкананне прысуду спадарыні Наргіз Махамадзі на тры тыдні, і яна была вызваленая з турмы. Прычынай таму з'яўляецца яе фізічны стан пасля выдалення пухліны і косцевай пластыкі, праведзенай 21 дзень таму», – напісаў адвакат.
Ён адзначыў, што, на шчасце, выдаленая пухліна была дабраякаснай, але трэба абследавацца кожныя тры месяцы.
Паводле звестак медыцынскіх спецыялістаў, цягам апошніх васьмі месяцаў Махамадзі пакутавала ад вострага болю ў спіне, выкліканага кілай міжпазваночнай дыска.
Паведамлялася таксама, што 6 жніўня 2024 года Махамадзі зазнала фізічны гвалт падчас інцыдэнту ў жаночым аддзяленні турмы «Эвін». Яна страціла прытомнасць і атрымала траўмы грудной клеткі і іншых частак цела.
Пасля гэтага інцыдэнту Махамадзі запатрабавала, каб ёй далі магчымасць пабачыцца з яе адвакатам для падачы скаргі аб фізічным гвалце, а таксама для правядзення судова-медыцынскай экспертызы яе траўмаў.
Наргіз Махамадзі – палітычная і грамадзянская актывістка з Ірана. Яна выступае супраць смяротнага пакарання, абавязковага нашэння хіджаба, а таксама абмежавання правоў і свабодаў жанчынаў у Іране. Яе асудзілі да 31 года турэмнага зняволення.
Праваабаронца атрымала Нобелеўскую прэмію міру 2023 года за «барацьбу з прыгнётам жанчынаў у Іране і прасоўванне правоў чалавека і свабоды для ўсіх».