У Менску зімой пракладуць 14 лыжных трасаў
11- 4.12.2024, 21:19
- 1,540
У Зялёным Лузе для аматараў пакатацца вылучылі адразу тры адрэзкі.
Дырэктарка Менскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Ірына Альхоўская расказала, колькі лыжных трасаў, лядовых каткоў і хакейных каробак уладкуюць у сталіцы зімой.
У Беларусі вельмі чакаюць мінусавую тэмпературу. Без марозу план правядзення зімовага аздараўленчага сезону пад пагрозай зрыву.
У горадзе запланавана ўладкаваць 28 лядовых каткоў і 33 хакейныя каробкі, а таксама пракласці 14 лыжных трасаў. Абяцаюць таксама падрыхтаваць два схілы для горных лыжаў і сноўборда, а яшчэ будзе 39 горак для катання на цюбінгах і санках.
Паклапаціліся сталічныя ўлады і пра пракат інвентару – такіх пунктаў арганізуюць пад сотню. Дарэчы, да зімовага сезону ў Менску падрыхтавалі больш за 5,8 тыс. параў канькоў.
Паводле словаў Ірыны Альхоўскай, сёлета збіраюцца прадоўжыць практыку выкарыстання штучнага снегу для стварэння лыжных трасаў.
Галоўная лыжня традыцыйна будзе ў Вяснянцы каля комплексу палёў футбольнага клуба «Менск».
Адразу дзве трасы з'явяцца ў Савецкім раёне сталіцы: у парку Дружбы народаў і мікрараёне Зялёны Луг. А ў Першамайскім – і зусім тры: дзве ў тым самым Зялёным Лузе, яшчэ адна – у Севастопальскім парку.
У Фрунзенскім раёне традыцыйна пракладуць лыжню ў лесапаркавай зоне «Мядзведжына», а ў Кастрычніцкім – у парку «Курасоўшчына».
Аматары спорту з Маскоўскага раёна змогуць пакатацца ў яблыневым садзе ўздоўж вуліцы Рафіева і парку імя Паўлава.
У Заводскім раёне лыжная траса з'явіцца ў парку імя 900-годдзя Менска, у Ленінскім – у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе і зоне адпачынку «Сад Гашкевіча».
У Партызанскім раёне лыжню падрыхтуюць у мікрараёне Дражня.