Адпачынак у беларускіх санаторыях на 2025 год падаражэў
- 5.12.2024, 20:16
- 2,852
А на колькі абыдзецца там навагодні банкет?
Большасць месцаў у беларускіх санаторыях на студзень ужо забраняваная, кошты ў першыя два месяцы 2025-га ўжо вышэйшыя, чым сёлета, расказаў на прэс-канферэнцыі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння Генадзь Балбатоўскі. Пры гэтым навагодні банкет у санаторыі можа абысціся недзе на 70 даляраў.
За гэты год больш за 1,5 млн чалавек пройдуць аздараўленне ў санаторыях Беларусі, 240 тысячаў з іх – замежнікі. У параўнанні з 2023-м на 15% вырасце памер прыбытку – да больш чым 1,2 млрд рублёў.
На студзень наступнага года ўжо забранявана больш за 70% месцаў у санаторыях, а на люты – 50% месцаў. Кошты тураў на гэтыя месяцы ў параўнанні з цяперашнім перыядам павялічыліся ў межах 5 адсоткаў.
Паводле вынікаў апошняга квартала 2024 года сярэдні кошт туру ў санаторый плануюць устанавіць на ўзроўні 115 рублёў за адзін койка-дзень у стандартным двухмесным нумары, а сярэднегадавы кошт – блізу 110 рублёў.
Што тычыцца навагодняга банкету ў санаторыі, то ў сярэднім ён будзе каштаваць 250 рублёў, сказаў Балбатоўскі. Аднак ёсць месцы, дзе поўнасцю адмовіліся ад такіх мерапрыемстваў. Там прадугледзелі праграму і розныя лакацыі з пачастункамі, але без навагодняга застолля.
Аргумент такі: у санаторыі вячэра заканчваецца пасля 18-й, а некаторыя людзі заканчваюць есці а восьмай гадзіне і праз дзве гадзіны ім зноў садзіцца за стол – а банкет каштуе пэўных грошай.
«Такая форма правядзення мае права на жыццё, таму што запаўняльнасць у гэтай установе, нягледзячы на такую праграму, таксама стаадсоткавая. Ніхто не адмовіўся ад удзелу ў навагодняй праграме з прычыны адсутнасці навагодняга стала», – сказаў Балбатоўскі.