24 снежня 2025, Серада, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іран пачаў эвакуацыю сваіх вайскоўцаў з Сірыі на фоне наступу паўстанцаў

Іран пачаў эвакуацыю сваіх вайскоўцаў з Сірыі на фоне наступу паўстанцаў

Пастанова аднаго з ключавых хаўруснікаў Дамаска адзначыла «істотны паварот» для Асада.

Іран пачаў эвакуацыю свайго ваеннага камандавання і персаналу з Сірыі. Такія дзеянні аднаго з ключавых хаўруснікаў Дамаска Тэгерана могуць гаварыць пра немагчымасць дапамагчы дыктатару Башару Асаду захаваць уладу на фоне наступу паўстанцаў.

Пра гэта паведамляе The New York Times.

Пра пачатак вывазу іранскіх вайскоўцаў і чальцоў персаналу з Сірыі амерыканскім СМІ расказалі рэгіянальныя чыноўнікі і тры іранскія чыноўнікі.

Адзначаецца, што ўжо былі эвакуяваныя ў суседнія Ірак і Ліван старэйшыя камандзіры сілаў «Кудс», якія з'яўляюцца адной з пяці вонкавых галінаў іранскага Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР).

Іранскія афіцыйныя асобы і рэгіянальныя чыноўнікі расказалі журналістам, што эвакуявалі персанал гвардзейцаў, частку іранскага дыпламатычнага персаналу, іх сем'і і іранскіх цывільных асобаў.

«Іранцы пачалі пакідаць Сірыю ў пятніцу раніцай, паведамілі афіцыйныя асобы на ўмовах ананімнасці для абмеркавання далікатнага пытання», – піша NYT.

Паведамляецца пра эвакуацыю ў амбасадзе Ірана ў Дамаску і на базах КВІР.

Частку тых, хто мае быць эвакуяваны, перамяшчаюць самалётамі ў Тэгеран, а іншыя выпраўляюцца наземнымі шляхамі ў Ліван, Ірак і сірыйскі порт Латакія.

Паводле словаў іранскага аналітыка Мехдзі Рахмаці, які кансультуе афіцыйных асобаў у рэгіянальнай стратэгіі, Тэгеран «пачынае эвакуяваць свае сілы і ваенны персанал, таму што мы не можам ваяваць як дарадчыя і дапаможныя сілы, калі сірыйскае войска само не хоча ваяваць».

«Сутнасць у тым, што Іран зразумеў, што ён не можа цяпер справіцца з сітуацыяй у Сірыі з дапамогай якой-небудзь ваеннай аперацыі, і гэты варыянт не разглядаецца», – дадаў ён у размове з прадстаўнікамі СМІ.

Амерыканская прэса звяртае ўвагу, што загад пра эвакуацыю адзначыў «істотны паварот» для Асада, урад якога Іран падтрымліваў цягам 13-гадовай грамадзянскай вайны ў Сірыі, і для самога Тэгерана, які выкарыстоўваў Сірыю як ключавы шлях для пастаўкі зброі баевікам «Хезбалы» ў Ліване.

Іранскія сілы ў Сірыі

Іран, як і іншы асноўны хаўрусны рэжым Асада Расея, доўгі час пасылаў у Сірыю дарадцаў і камандзіраў на базы і на перадавую, Тэгеран таксама падтрымліваў розныя ўзброеныя групоўкі ў гэтай краіне.

Таксама Тэгеран разгарнуў «дзясяткі тысячаў» байцоў, у тым ліку іранцаў, афганцаў і пакістанскіх шыітаў, каб абараніць урад Асада і адваяваць тэрыторыі ад джыхадыстаў «Ісламскай дзяржавы» ў разгар грамадзянскай вайны ў краіне.

Некаторыя з іранскіх сілаў, напрыклад афганская брыгада «Фатэміюн», засталіся ў Сірыі на ваенных базах, якімі кіруе Іран.

6 снежня яе таксама перакінулі ў Дамаск і Латакію, якія ўважаюцца за апору асадаўскіх сілаў, паведамілі амерыканскім журналістам іранскія афіцыйныя асобы.

Уцёкі іранскіх генералаў

На фоне маштабнага наступу паўстанцаў у Сірыі, якія крыху больш чым за тыдзень змаглі ўзяць пад кантроль такія буйныя гарады, як Алепа і Хама, пэўную тэрыторыю ў чатырох правінцыях і накіроўваюцца на Дамаск, два найстарэйшыя генералы іранскіх сілаў «Кудс» ужо ўцяклі ў Ірак.

Як паведамляе NYT, гэтыя іранскія ваенныя генералы раней былі накіраваныя для кансультавання сірыйскага войска і эвакуяваліся пасля таго, як паўстанцы захапілі Хомс і Дэйр-эз-Зур у пятніцу.

Тэгеран назірае за Сірыяй «на мяжы калапсу»

«Сірыя знаходзіцца на мяжы калапсу, і мы спакойна назіраем за гэтым», – напісаў у сацсетцы 6 снежня сябра іранскага парламента Ахмад Надэры.

Ён дадаў, што калі Дамаск упадзе, Іран таксама страціць сваю ўладу ў Іраку і Ліване.

Учора лідар ісламісцкай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Ша» Абу Махамад аль-Джолані заявіў, што асноўнай мэтай паўстанцаў застаецца скіданне рэжыму Башара Асада, а таксама «будаўніцтва новай Сірыі».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках