У сталіцы Адыгеі прагрымелі магутныя выбухі
8- 7.12.2024, 9:37
- 20,824
Яны былі чуваць у раёне мясцовага аэрадрома.
У сталіцы Адыгейскай аўтаномнай вобласці РФ горадзе Майкоп у ноч на 7 снежня прагрымелі некалькі выбухаў. Яны былі чуваць, сярод іншага, у раёне мясцовага аэрадрома.
Пра гэта паведамляе Сharter97.org са спасылкай на расейскае выданне Astra і Telegram-каналы.
Пра выбухі ў Майкопе расейскія медыя сталі пісаць пасля другой гадзіны ночы паводле мясцовага часу.
Пры гэтым спачатку расейскія Telegram-каналы ўказвалі, што прычынай інцыдэнту нібыта маглі быць выбухі газавых балонаў.
Аднак пазней у сетцы з'явіліся паведамленні пра працу сілаў і сродкаў супрацьпаветранай абароны ў сталіцы Рэспублікі Адыгея.
Паводле звестак Telegram-канала SHOT, жыхары Майкопа чулі «мінімум два магутныя выбухі», і адбылося гэта ў раёне мясцовага аэрадрома.
«Паветраная трывога ў рэгіёне пакуль не абвяшчалася, афіцыйнай інфармацыі пакуль не было», – дадаюць расейскія СМІ.
Як удакладняе выданне Astra, пасля выбухаў мясцовыя жыхары бачылі слуп дыму ў мікрараёне Чаромушкі.
Акрамя таго, у сеціве былі апублікаваныя кадры з «плескачом» у Майкопе.
У Рэспубліцы Адыгея размешчаная расейская авіябаза «Ханская» – за 3 км на ўсход ад станіцы Ханская, і за 6 км на паўночны захад ад горада Майкоп.
Паводле адкрытых звестак, аэрадром «Ханская» здольны прымаць, сярод іншага, самалёты Ту-134, Ан-12, Іл-18, а таксама гелікаптэры ўсіх тыпаў.
На аэрадроме базуецца ваенная авіяцыя – 272-я вучэбная авіяцыйная Полацкая ордэнаў Суворава і Кутузава авіяцыйная база, на якой ёсць самалёты Л-39 і МіГ-23.
Дадамо, каля Майкопа дзейнічаў яшчэ адзін аэрапорт «Майкоп».
Адлегласць ад Майкопа да лініі сутыкнення ва Украіне, гэта значыць да свабоднай ад расейскіх акупантаў часткі тэрыторыі краіны, складае прыкладна 440 км.