Дзіцячыя курткі ад беларускіх вытворцаў прызналі небяспечнымі
- 13.02.2024, 12:14
- 4,672
Што з імі не так?
Дзяржстандарт прызнаў небяспечнымі і забараніў прадаваць курткі ад двух беларускіх вытворцаў, піша bar24.by.
Небяспечнымі прызналі дзіцячыя курткі двух тыпаў. Гэта куртка для хлопчыкаў ад менскага ТДА "Дысвея". А таксама ўцепленая куртка для дзяўчынак ад ААТ "Жлобінская швейная фабрыка".
Усё пералічанае адзенне забракавалі ў адным паказчыку – “паветрапранікальнасць”. Спецыялісты Дзяржстандарта прыйшлі да высновы, што ў гэтых дзіцячых рэчах паказчык "паветрапранікальнасць" у разы меншы, чым дапускаюць стандарты.
Вытворцам выдалі прадпісанне на ўхіленне парушэнняў. Акрамя таго, з 16 лютага курткі афіцыйна нельга прадаваць у Беларусі.
Некалькімі днямі раней Дзяржстандарт забракаваў набор на выпіску ад берасцейскага вытворцы "Вараг-плюс". Камплект не адпавядае патрабаванням бяспекі ў паказчыку "гіграскапічнасць". Гэта значыць тканіна, з якой яго пашылі, убірае і аддае вільгаць горш, чым дапускаюць стандарты. Акрамя таго, ёсць пытанні і да маркіроўкі тавару. У прыватнасці, на этыкетцы напісана, што падшэўка камбінезона і коўдры-канверта выканана з бавоўны. Фактычна ж гэта на 100% поліэстр.