Александр Хара: Сі Цзіньпінь балансуе на грані
18- 13.02.2024, 17:38
- 36,428
Украінскі дыпламат расказаў, да чаго могуць прывесці эканамічныя цяжкасці Кітая.
Кітай сутыкнуўся з эканамічнымі цяжкасцямі: у 2023 годзе знізіліся адначасова і экспарт, і імпарт. З краіны сыходзіць замежны капітал.
Эканамічнаму цуду КНР прыйшоў канец? Ці саступае цяпер Пекін у супрацьстаянні з ЗША?
Пра гэта сайт Chаrter97.org пагаварыў з дыпламатам і экспертам украінскага Цэнтра абаронных стратэгій Аляксандрам Харам:
- У Кітая ёсць унутраныя праблемы, якія можна звязаць з характарам камуністычнага ўрада (які кантралюе ўсё жыццё ў краіне) і зменамі, якія адбываліся цягам апошніх 6-7 гадоў.
Па вялікім рахунку лібералізацыя Кітая дазволіла прыйсці ў краіну заходняму капіталу, тэхналогіям. Але той дзіўны рост ВУП у двухзначных лічбах, які быў цягам некалькіх дзесяцігоддзяў, падышоў да канца з некалькіх прычын.
Па-першае, праз узмацненне ўплыву кампартыі. Па-другое, паўплывалі вонкавыя фактары, пачынаючы з эпідэміі COVID, якую Кітай цяжка перажыў і выходзіў з яе дастаткова павольна.
Плюс дадалося нарастанне супрацьстаяння паміж ЗША і іх хаўруснікамі і Кітаем, а таксама паводзіны КНР у сваім рэгіёне. Згуляла ролю і падтрымка Расеі ў вайне супраць Украіны.
Пасля ўражальнага росту цяпер ВУП Кітая выходзіць на 4%, нават можа апускацца з 2026-га да 2030 года да 3,8%. Кітай застаецца буйной эканомікай, але гэта адназначна не тое, на што яны спадзяваліся. Яны хацелі канвертаваць эканамічную моц у палітычныя змены на глабальнай арэне. У тым ліку - стварыць новую сістэму міжнародных стасункаў.
У КНР ёсць шалёная сістэма запазычанасцяў: замежная запазычанасць Кітая складае 13 трыльёнаў даляраў. Існуе праблема і ўнутраных пазык, якія вагаюцца ад 7 да 11 трыльёнаў даляраў. Кітай балансуе на грані.
Яшчэ важны аспект, у сувязі з напружанымі стасункамі з ЗША і ідэяй амерыканцаў знізіць сваю залежнасць у ключавых пунктах, з Кітая выцякаюць грошыкі-інвестыцыі. Паводле звестак за жнівень мінулага года, з кітайскай эканомікі было выведзена 24 мільярды даляраў, якія пайшлі ў іншыя краіны Азіі, перш за ўсё - Індыю.
Усё проста, камуністы хочуць утрымацца ва ўладзе, таму хочуць кантраляваць бізнэс. Яны закрываюць рот і найбагацейшым людзям, якія ўяўляюць пагрозу. Мы памятаем СССР, цудоўна бачым, што адбываецца ў Беларусі і РФ, калі ўлада кантралюе ўсё.
Уплывае і тое, што ў Кітая недастаткова рэсурсаў, каб значна нешта памяняць у эканоміцы, рэструктураваць яе і развязаць праблемы.
- Ці адаб'ецца гэты спад на супрацьстаянні ЗША з Кітаем?
— ЗША і еўрапейскія хаўруснікі ўзмацняюць жорсткасць доступу кітайцаў да ўласных тэхналогій. Крадзеж правоў інтэлектуальнай уласнасці ў Кітаі заўсёды быў праблемай для амерыканцаў і еўрапейцаў. Заканадаўства КНР мяркуе, што ўсе замежныя кампаній, якія дзейнічаюць на тэрыторыі краіны, павінны дзяліцца тэхналогіямі. Гэта абавязковая ўмова для ўваходжання на рынак. Выкарыстоўваючы тэхналогіі, Кітай узмацняе свой уплыў.
Аднак кітайцы жадаюць наладзіць больш-менш стабільныя стасункі з амерыканцамі і еўрапейцамі. Гэта адна з прычын, чаму Кітай не дапамагае зброяй і боепрыпасамі Расеі. Яны баяцца пагоршыць дачыненні. Для іх важныя інвестыцыі, гандаль, пазбяганне санкцый.
Кітайцы не могуць кінуць свайго малодшага партнёра Пуціна, але з іншага боку - не могуць яму дапамагчы больш, бо тады пагаршаюцца стасункі з Захадам, што б'е па эканамічных інтарэсах Кітая. Гэта падрывае ролю партыі, што можа стварыць ёй вялікія праблемы.
- Часта аўтарытарныя лідары ідуць на вайну, каб пераключыць увагу з эканамічных праблем. Які шлях выбера Сі Цзіньпін?
- Будзем спадзявацца, што Сі Цзіньпін не зробіць такую ж памылку, як Пуцін. А паміж ЗША і Кітаем захаваюцца халодныя дачыненні, якія больш кантралююцца. Сі Цзіньпінь не зацікаўлены іх псаваць.
Насамрэч яму мала хто можа дапамагчы: Расея слабая. Так, яна дапамагае цяпер таннымі рэсурсамі, але наўрад ці будзе каштоўным памочнікам Кітаю ў выпадку канфлікту. Я ўжо не гавару пра іншыя дзяржавы. Цяпер не час для Кітая рабіць небяспечныя хады.