Гомельскага блогера абвясцілі ў вышук у Расеі
12- 13.02.2024, 20:12
- 13,474
Таксама на яго пачалі крымінальную справу ў ААЭ.
МУС Расеі абвясціла ў вышук Андрэя Бурыма, больш вядомага як блогер Melstroy. Прычынай для гэтага стала ягоная адмова ісці служыць у беларускае войска. За гэта стрымеру можа пагражаць да двух гадоў пазбаўлення волі. Але ён звярнуў на сябе ўвагу ўжо не толькі ў Беларусі і Расеі, паведамляе «Наша Нiва».
Блогер Mellstroy родам з Гомеля вядомы сваімі трэш-стрымамі. У студзені 2017 года ім зацікавіліся беларускія сілавікі. Паводле іх звестак, хлопец, якому тады было 18 гадоў, плаціў дзяўчатам за распрананне перад камерай у Skype, а сам трансляваў гэта на YouTube. Тады на канале блогера было блізу 50 тысячаў падпісчыкаў.
Невядома, чым скончылася гэтая справа, але пазней Mellstroy перабраўся ў Расею, дзе прадаўжаў ствараць шок-кантэнт для інтэрнэту. У 2020 годзе падчас стрыму ў Маскве блогер некалькі разоў ударыў дзяўчыну Алену Яфрэмаву галавой аб стол. Суд пакараў Бурыма 6 месяцамі папраўчых працаў, яшчэ ён мусіў выплаціць дзяўчыне кампенсацыю. Таксама ён выкладваў трансляцыі п'янак і гулянак з марнаваннем вялікіх грошай.
Стала вядома, як паведамляе тэлеграм-канал Mash, што ў Беларусі на стрымера распачалі крымінальную справу за ўхіленне ад тэрміновай службы. А цяпер маладога чалавека шукаюць і ў Расеі, каб перадаць беларускаму боку. У красавіку летась каналы блогера на розных платформах заблакавалі пастановай Раскамнагляду.
Але Бурым таму ў Расеі і ў вышуку, што даўно там не жыве. У тых жа месцах, куды ён падаўся, яму таксама не вельмі рады.
Спачатку Бурым паляцеў жыць у Дубай, але і там асесці ў яго надоўга не атрымалася, бо пачаў канфлікт з мясцовымі законамі.
Ёсць інфармацыя, што ў Дубаі стрымер публічна абразіў мусульманіна: інцыдэнт адбыўся ў адным з клубаў, дзе Бурым абазваў наведвальніка жывёлай. Відэа з гэтым момантам хлопец апублікаваў у сябе ў сторыс. Пазней абражаны мужчына ўбачыў гэта сторыс і напісаў заяву.
Кажуць, што пацярпелы нават заклікаў свайго крыўдзіцеля папрасіць прабачэння ў сацсетках, але той рабіць гэтага не захацеў і аператыўна рэлакаваўся ў Турцыю. А ў ААЭ на яго пачалі крымінальную справу.
Такім чынам, цяпер у выхадца з Гомеля крымінальная справа ў Беларусі за ўхіленне ад службы ў войску, экс-крымінальная справа і вышук у Расеі і крыміналка ў ААЭ.