Выяўленае самае старажытнае манументальнае збудаванне Еўропы
5- 13.02.2024, 21:20
- 7,290
Агульная маса пабудовы перавышае 140 тонаў.
На дне Мекленбургскай бухты ў Балтыйскім моры выяўленае найстаражытнейшае манументальнае збудаванне Еўропы. Гэтая сцяна была складзеная з камянёў блізу 11 тысячаў гадоў таму. Яе выкарыстоўвалі для атраднага палявання на паўночных аленяў. Пра гэта гаворыцца ў Proceedings of the National Academy of Sciences.
Знаходку знайшлі нямецкія археолагі.
«Мы знайшлі пад вадой прыкладна кіламетровую каменную сцяну. Гэтае збудаванне больш за дзесяць тысячаў гадоў таму пабудавалі паляўнічыя-збіральнікі часоў апошняга ледавіковага перыяду – у канцы палеаліту або пачатку мезаліту. Сцяна выкарыстоўвалася людзьмі каменнага веку для атраднага палявання на паўночных аленяў, якія мігруюць. У той час ва ўсёй Паўночнай Еўропе жыло ўсяго блізу пяці тысячаў чалавек», – гаворыцца ў супольнай заяве ўніверсітэтаў Растока, Кіля і Інстытута асацыяцыі Лейбніца ў Варнемюндзе.
Агульная маса пабудовы, паводле ацэнак, перавышае 140 тонаў. Пад вадой яна апынулася блізу 8500 гадоў таму ў выніку ўздыму ўзроўню тагачаснага слабасалёнага Літарынавага мора, калі ў гэтую частку западзіны будучага Балтыйскага мора пачала пранікаць салёная вада з акіяну.