Цела Навальнага знікла з морга Салехарда
39- 17.02.2024, 14:51
- 54,582
Туды прыехалі адвакат і маці забітага апазіцыйнага палітыка.
У моргу Салехарда заявілі, што цела забітага ў калоніі лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага ў іх няма.
Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
«Адвакат і маці Аляксея прыехалі ў салехардскі морг. Ён зачынены, нягледзячы на запэўніванні калоніі, быццам ён працуе і цела Навальнага знаходзіцца там. Адвакат патэлефанаваў на ўказаны на дзвярах тэлефон. Яму сказалі, што ён ужо сёмы, хто сёння тэлефануе. Цела Аляксея ў іх у моргу няма», – расказала Кіра Ярмыш.
«Калонія падманула. Сказалі, цела ў моргу Салехарда. Там кажуць, што цела няма», – напісаў дырэктар ФБК Іван Жданаў.
Напярэдадні крыніцы «Новай. Еўропа» ў ФСВП расказалі, што развязвалася пытанне, дзе будзе праходзіць ускрыццё цела Навальнага – у ЯНАА або Маскве. Адзін з суразмоўцаў выдання заявіў, што правядзенне ўскрыцця ў Харпе ці Салехардзе можа прадэманстраваць, што ФСВП ёсць што хаваць.
«Калі супрацоўнікі службы да смерці Навальнага не маюць дачынення, то ім больш выгадна, каб правялі ўсе магчымыя экспертызы. І тады цалкам магчыма, што цела даставяць у Маскву», – сказаў ён.
У выпадку, калі ФСВП трэба будзе «замясці сляды», то цела, хутчэй за ўсё, павязуць у Салехард, дзе ёсць крэматорый, мяркуе крыніца. «Там правядуць ускрыццё і тут жа цела знішчаць».