Двух беларускіх касманаўтаў прызналі прыдатнымі да палёту
13- 21.02.2024, 19:37
- 6,450
Для іх палёт будзе першым.
Медыцынская камісія прызнала прыдатнымі да касмічнага палёту расейскіх касманаўтаў Алега Навіцкага і Івана Вагнера, а таксама грамадзянак Беларусі Марыну Васілеўскую і Анастасію Лянкову. Пра гэта паведаміла дзяржкарпарацыя «Раскосмас».
У склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрстваў аховы здароўя і абароны Расеі, Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва, Інстытута медыка-біялагічных праблем РАН, а таксама спецыялісты медыцынскай управы Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А. Гагарына (уваходзіць у «Раскосмас»).
Згодна з планамі «Раскосмасу», 21 сакавіка з касмадрома Байканур на ракеце-носьбіце «Саюз-2.1а» запусцяць карабель «Саюз МС-25». У асноўны экіпаж 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі ўвойдуць Навіцкі, Васілеўская і астранаўт NASA Трэйсі Дайсан. У складзе дублёраў экіпажа будуць Вагнер, Лянкова і астранаўт NASA Дональд Пэціт.
Марына Васілеўская - бортправадніца-інструктарка авіякампаніі «Белавія». Лётае ў складзе экіпажаў паветраных суднаў Boeing і Embraer. Да працы бортправадніцай яна 15 гадоў прафесійна займалася бальнымі танцамі. Анастасія Лянкова - дзіцячы хірург, аўтарка больш за 19 навуковых публікацый, працуе ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі ў Менску. Для іх палёт будзе першым.
Ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі тры разы лётаў да МКС (у 2012, 2016 і 2021 гадах) і столькі ж разоў выходзіў у адкрыты космас. Агулам ён правёў у космасе больш за 531 дзень, а ў адкрытым космасе — больш за 22 гадзіны. Іван Вагнер быў у космасе адзін раз (у 2020 годзе), ён правёў на арбіце больш за 195 дзён.