Каардынатар спецслужбаў Польшчы: Лукашэнка выдае небыліцы
7- 21.02.2024, 21:36
- 10,384
У Польшчы пракаментавалі словы дыктатара аб правакацыі, якую нібыта рыхтуюць у краіне заходнія выведкі.
Заява Аляксандра Лукашэнкі, што польская і амерыканская выведкі нібыта рыхтуюць маштабную правакацыю супраць палякаў, – «поўная лухта», аднак такія дзеянні могуць планаваць беларускія і расейскія сілавікі. Пра гэта ў эфіры Radio ZET сказаў міністр – каардынатар спецслужбаў Польшчы Томаш Семаняк.
Палітык назваў «поўнай лухтой» сцвярджэнне Лукашэнкі пра нібыта падрыхтоўку правакацыі супраць цывільнага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь.
– На жаль, Лукашэнка часта нападае на Польшчу і выдае небыліцы, каб стварыць напружанасць, звярнуць на сябе ўвагу, мабілізаваць грамадскую думку ў сваёй краіне, паказаць Расеі, што ён антызаходні і антыпольскі, – мяркуе Томаш Семаняк.
Паводле ягоных словаў, падобныя правакацыі могуць здзяйсняць рэжымы накшталт пуцінскага, аднак «у дэмакратычных дзяржавах спецслужбы не дзейнічаюць такім чынам, каб прычыніць шкоду ўласным грамадзянам».
Тым не менш міністр не выключыў, што выказванне Лукашэнкі можа сведчыць пра падрыхтоўку правакацыі супраць Польшчы з боку Беларусі і Расеі.
– Мы павінны вельмі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, што гаворыць Лукашэнка і чым займаюцца мясцовыя спецслужбы і войска, – адзначыў Томаш Семаняк.
Ён дадаў, што такія заявы могуць быць элементам інфармацыйнай вайны, бо Беларусь ужо прапануе падтрымку Расеі ў вайне з Украінай.
Нагадаем, 20 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «польская і амерыканская выведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць цывільнага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь», – гэта нібыта даслоўная цытата з неназванай крыніцы.
– Ведаеце, пасля гэтага цяпер пачнецца выццё: «Ах, вось тут ён згушчае сітуацыю, палохаючы палякаў!» Я сказаў, а вы рабіце высновы – я кажу палякам і іншым. Пажывем пабачым. Але мы папярэдзілі па-братэрску польскі народ, каб былі акуратныя і асцярожныя, – сказаў ён і заклікаў сваіх сілавікоў «ментальна і стратэгічна» рыхтавацца да вайны.
Раней ужо ва Украіне аспрэчылі яшчэ адну заяву Лукашэнкі пра нібыта затрыманых дыверсантаў, украінцаў і беларусаў, на паўднёвай мяжы.
– Лукашысцкі абсурд не спыняецца. Я да гэтага часу ўспамінаю пра ягоныя «тоны зброі», якую яны «затрымлівалі з Украіны», а яшчэ лепш памятаю, адкуль адбылося ўварванне Расеі, – пракаментаваў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны палкоўнік Андрэй Дземчанка.