У Беларусі могуць значна знізіць ліміты бязмытнага ўвозу тавараў з-за мяжы
3- 22.02.2024, 10:30
- 8,102
Гэта тычыцца і пасылак.
Міністэрства фінансаў Расеі не падтрымала ідэю захаваць падвышаныя нормы бязмытнага ўвозу тавараў для асабістага карыстання на бягучым узроўні. Паколькі гэтыя нормы ўводзяць для ўсіх краін ЕАЭС, то змены будуць і для Беларусі, піша nashaniva.com.
Прычым тут санкцыі?
На гэты момант ліміт пры ўвозе тавараў праз наземныя межы складае 1 000 еўраў і 31 кг. Падвышаныя ліміты дзейнічаюць з красавіка 2022 гады. На такі крок улады пайшлі дзеля таго, каб не дапусціць дэфіцыту тавараў праз уведзеныя санкцыі. Іншымі словамі, дзяржава прыадчыніла заслону і ўключыла зялёнае святло шэрагу імпарту. Да вайны і санкцый бязмытны парог складаў 500 еўраў і 25 кг.
Максімальная цана бязмытнага ўвозу тавараў у пасылках можа знізіцца да 200 еўраў.
Першапачаткова планавалася, што падвышаныя нормы будуць дзейнічаць да 1 кастрычніка 2022 года, але пазней двойчы падаўжалі тэрмін дзеяння падвышаных лімітаў.
Цяпер выглядае, што падаўжэння не будзе, паколькі, як вынікае з паведамлення расейскага Мінфіна, “абставіны, якія паслужылі падставай для ўвядзення пазначанай нормы “да цяперашняга часу ў значнай меры вычарпаныя”.
Калі змены прымуць, то яны пачнуць дзейнічаць з 1 красавіка 2024 года.
Атрымліваецца, што за амаль два гады дзеяння санкцый бізнэс і эканомікі краін ЕАЭС, перш за ўсё Расеі і Беларусі, прыстасаваліся да работы ў новых умовах і патрэбнасць у шэрым імпарце знікла.
Іншым довадам таго, што Расея і Беларусь больш не маюць патрэбы ў шэрых пастаўках тавараў, можна назваць забарону на перапродаж у РФ аўтамабіляў, размытнёных у Беларусі з выкарыстаннем ільготы. Гэта норма ўступае ў дзеянне 1 красавіка.
Што гэта значыць для Беларусі?
Для шараговых жыхароў змяншэнне лімітаў бязмытнага ўвозу тавараў з 1000 еўра і 31 кг да 500 еўра і 25 кг будзе азначаць рост коштаў на некаторыя імпартныя тавары, якія пад выглядам рэчаў для асабістага выкарыстання людзі масава прывозілі ў краіну для наступнай рэалізацыі. Частка такіх тавараў ішла далей у Расею.
Зменшацца даходы людзей і прадпрымальнікаў, якія зараблялі на дастаўцы і продажы тавараў з ЕЗ
Іншым чыннікам, якая таксама паўплывае на кошт тавараў для спажыўцоў і зарплаты вызначанай катэгорыі грамадзян, стане анансаванае зачыненне яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Літвой, якое адбудзецца 1 сакавіка.
Усё гэта значна зменшыць магчымасці беларусаў ездзіць у суседнія краіны ЕС па пакупкі, каб зэканоміць. Як вядома, шэраг тавараў, асабліва бытавая тэхніка, у ЕС каштуе значна танней, чым у Беларусі. Апроч гэтага выбар тамака шырэйшы.