27 лiпеня 2024, Субота, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Павольна хадзіў, цяжка дыхаў і скардзіўся на сэрца»

4
«Павольна хадзіў, цяжка дыхаў і скардзіўся на сэрца»
ІГАР ЛЕДНІК

Былы палітвязень распавёў пра стан Ігара Ледніка, які памёр у калоніі.

Развітанне з палітвязнем Ігарам Леднікам адбудзецца ў Барысаве 22 лютага. “Радыё Свабода” паразмаўляла з былым палітвязнем Аляксеем Галоўкіным, які сустракаў Ледніка ў бабруйскай калоніі.

Аляксей Галоўкін патрапіў у Бабруйскую калонію паводле шэрагу палітычных артыкулаў. У яго ў самога інваліднасць, хварэе на гемафілію, дрэнна ходзіць і мае праблемы з суставамі.

Аляксей вызваліўся ў жніўні 2023 года. У калоніі ён сустракаўся з Ігарам Леднікам, з якім пазнаёміўся вясной 2023-га года ў медсанчасці. Туды Аляксей патрапіў пасля этапу, бо меў нізкі ўзровень гемаглабіну, частыя крывацёкі. Разам з Ігарам Леднікам яны правялі ў санчастцы блізу дзесяці дзён.

“Ён шмат разоў казаў, што ў яго пагаршаецца стан здароўя. Але спадзяваўся, што яго перавядуць у рэспубліканскі шпіталь. Яму абяцалі, але гэтага не здарылася”, - кажа Аляксей.

Паводле яго назіранняў, фізічны стан Ігара Ледніка быў вельмі кепскім.

“Ён павольна хадзіў, з цяжкасцю дыхаў, скардзіўся на сэрца. Пасля аперацыі ў Ігара была каластома (штучны кішачны ход, які робіць хірург пры пэўных паказаннях, каб выводзіць праз жывот кал з арганізма), стаяў калапрыёмнік. Але пры гэтым яму не давалі схадзіць у душ”, - кажа былы зняволены.

Са слоў суразмоўцы, у душ Ігара не пускалі так званыя асуджаныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі. Не вадзілі Ледніка і на “атаварку”. Гэтым займаецца начальнік атрада.

Спадзяваўся на дапамогу да апошняга

Нягледзячы на цяжкі стан, Ігар Леднік, паводле слоў Аляксея, заўсёды ўсміхаўся.

“Ён казаў, што калі яму не дапамогуць, дык ён можа памерці ў калоніі. Ён вельмі чакаў, што яго перавядуць у шпіталь і пачнуць лячыць”, - кажа Аляксей.

Былы палітвязень зазначае, што адміністрацыя калоніі можа моцна ціснуць на хворых зняволеных, а калі іх стан здароўя становіцца крытычным, пачынаюць ратаваць. Ён тлумачыць, што ў калоніі ёсць як цывільныя лекары, так і лекары-міліцыянеры.

“Цывільныя трапляюцца розныя. Ёсць і адэкватныя. А міліцыянеры, хоць і лекары - ўсе аднолькавыя. У іх на лбе напісана: "каб вы тут усе здохлі", - перакананы былы зняволены.

Свой тэрмін Аляксей адбываў у атрадзе людзей з інваліднасцю. Ён сцвярджае, што пры ім было больш за дзесяць смерцяў зняволеных.

“Сардэчныя прыступы, рак, запаленне лёгкіх. Кагосьці нават паспелі адпусціць дадому, каб там памёр. Або сплаўлялі ў цывільны шпіатль, у апошні момант выклікаючы “хуткую”, - кажа Аляксей.

Ён згадвае выпадкі смерцяў у бабруйскай калоніі.

“Чалавек скардзіўся на сэрца. Увесь час. Вадзілі ў санчастку, давалі таблеткі. Паклалі ў санчастку. Крыху стала лепш яму - выпісалі. Выходзіць з санчасткі і падае, проста на парозе. Памёр. Паджылы зняволены схадзіў у краму, вяртаецца з торбай і падае пад акном. Памёр. У другога пачаліся праблемы з нагамі. Адну адрэзалі, другую. Пасля другой ампутацыі памёр у санчастцы. Яшчэ адзін быў у атрадзе, ноччу круціўся і стагнаў. Раніцай ужо не дыхаў. Яшчэ аднаго адпусцілі дадому на апошняй стадыі анкалогіі. Праз пару дзён памёр, дома”, - пералічыў былы зняволены.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках