27 лiпеня 2024, Субота, 15:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Разглядаю ўкладанне ў нерухомасць у Беларусі як вельмі рызыкоўную гульню»

16
«Разглядаю ўкладанне ў нерухомасць у Беларусі як вельмі рызыкоўную гульню»

На рынку кватэр утварылася бурбалка?

Кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін распавёў, чаму не стаў бы зараз купляць кватэру ў Менску.

- Для Беларусі гэта тыповая сітуацыя: як толькі пачынаюць расці заробкі, расце і кошт квадратнага метра, - пракаментаваў Уладзімір Кавалкін у эфіры «Звычайнай раніцы» павелічэнне кошту квадратнага метра жылля ў Менску ў 2023 годзе на 13%. - Нагадаю, каманда Лукашэнкі спрабуе разагнаць эканамічны рост, таму рэальны рост заробку апярэджвае рост прадукцыйнасці працы.

Гэта стварае такую своеасаблівую бурбалку на рынку нерухомасці.

Мы бачым зараз трэнд на тое, што ўсё падаражэла, але мы ведаем, што падаражэла не таму, што ёсць нейкі якасны эканамічны рост, а таму што проста назапасіліся дысбалансы.

У такім становішчы эканаміст не раіць укладваць грошы ў нерухомасць у Беларусі.

- Купляць кватэры сапраўды не варта, таму што вы купляеце што называецца «на высокіх коштах», а потым, хутчэй за ўсё, вам давядзецца расплачвацца за гэтую куплю ўжо на ніжэйшых заробках, што не вельмі прыемна.

Праўда, калі казаць пра эканоміку Беларусі, то ў нас следам за назапашваннямі і дысбалансам часта адбываецца дэвальвацыя. Гэта ўлюбёная гульня беларусаў - узяць крэдыт у беларускіх рублях, пажадана пад ільготны адсотак, дачакацца чарговага абясцэньвання рубля і вярнуць менш, чым узяў.

Стратэгія зразумелая. Але гэта рулетка, бо зараз у нас вельмі моцна памяняўся кантэкст. Ідзе вайна ў рэгіёне. У Беларусі рэжым спрабуе будаваць Паўночную Карэю.

У тую раку, у якую многія ўваходзілі ў 90-я, у сярэдзіне нулявых і нават у дзясятыя, ужо не ўвойдзеш. То бок, прагназаваць, што будзе заўтра, зыходзячы з таго, што такое некалькі разоў адбывалася 15-20 гадоў таму, я б не стаў.

Бо абавязкова спрацуе дысбаланс. І як гэта адаб'ецца на беларускім рублі, дастаткова складана сказаць.

Ну і апошні важны чыннік - гэта рэпрэсіі, гэта беззаконне сілавікоў. Фактычна, калі вы ўкладваецеся ва ўсялякі актыў, павінны разумець, што яго трэба неяк абараняць.

У вас павінна быць права ўласнасці на сваю кватэру ці дом, якія ніхто не зможа прыйсці і адабраць. Аднак зараз у Беларусі гэтага вам ніхто не зможа гарантаваць.

Таму я думаю, што ўкладанне ў нерухомасць у Беларусі вельмі рызыкоўная гульня. І гэтыя рызыкі трэба добра ўсведамляць.

Тым больш, калі вы хочаце захаваць свае грошы, назапасіўшы 200-300 тысяч далараў ці больш. Я б наогул не рэкамендаваў укладваць у Беларусь ні ў якім выглядзе - ні ў бізнэс, ні ў нерухомасць.

Нават калі ў вас невялікі запас, там, 50-70 тысяч даляраў, можна паглядзець кватэру дзе-небудзь у Беластоку ці ў іншым не самым дарагім польскім ці літоўскім горадзе і купіць яе тамака. Гэта будзе значна больш разумная інвестыцыя.

Таму што гэтую ўласнасць у вас, акрамя як праз суд, ніхто не адбярэ. А каб у вас яе адабралі праз суд у краіне Еўразвязу, вы павінны быць вельмі сур'ёзным ашуканцам.

Па-другое, нерухомасць у краінах ЕЗ будзе павольна, але даражэць. І па-трэцяе, гэта заўсёды запасны аэрадром, куды можна пераехаць з Беларусі, - раіць Кавалкін.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках