27 лiпеня 2024, Субота, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар польскага ліцэя прамантачыў грошы школьнікаў і з'ехаў у Беларусь

5
Дырэктар польскага ліцэя прамантачыў грошы школьнікаў і з'ехаў у Беларусь

Але потым надумаў вярнуцца.

Дырэктар ліцэя ў польскім горадзе Буска-Здруй прамантачыў грошы, якія прызначаліся на школьныя паездкі. А усвядоміўшы, што не ў стане выплаціць запазычанасць, з'ехаў у Беларусь. Пазней ён надумаў вярнуцца і паўстаў перад судом. Аб справе піша MOST.

Дырэктар ліцэю ў Буска-Здруі Томаш Г. прызнаўся, што праблемы з азартнымі гульнямі ў яго пачаліся яшчэ ў 2012 годзе. Ён рабіў стаўкі на футбол і іншыя тыпы спорту. У асноўным мужчына гуляў онлайн, але часам наведваў і стацыянарныя букмекерскія канторы.

Усвядоміўшы сваю залежнасць, ён надумаў прайсці тэрапію. Лячэнне дапамагло: Томаш не гуляў амаль два гады. Аднак у 2019 годзе гульняманія вярнулася. Нейкі час дырэктар марнаваў уласныя грошы, потым пачаў пазычаць невялікія сумы, а пасля стаў браць грошы, сабраныя школьнікамі і бацькоўскім камітэтам. Сродкі захоўвалася ў сейфе яго кабінета.

Ліцэй № 1 у Буска-Здруі часта арганізоўваў паездкі школьнікаў за мяжу. У 2020 годзе дзяцей хацелі адправіць у Італію і Харватыю - сабраныя на гэта сродкі настаўнікі перадалі былому дырэктару на захоўванне. Але праз пандэмію паездкі давялося адкласці.

- Гэтая сітуацыя прымусіла мяне спакусіцца грашыма, - распавёў Томаш. - Здаралася, што настаўнікі ці школьнікі пыталіся пра паездкі, але я іх адкладаў, апраўдваючыся пандэміяй і вайной. Гэта дазваляла здабыць час.

Дырэктару здавалася, што ён здолее адыграцца, але ў выніку мужчына выдаткаваў усе сродкі, узятыя са школьнай касы, - агулам амаль паўмільёна злотых.

У верасні 2022 года, пасля летніх канікулаў, Томаш павінен быў пачаць працу, але ў ліцэі не з'явіўся. Праз дзень сям'я заявіла аб ягоным знікненні. Тады ж яго намеснік заўважыў, што грошы, якія прызначаліся на паездкі, зніклі.

- Я з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 5 верасня. Мне проста надакучылі штодзённыя роспыты аб грошах - я ведаў, што ў мяне іх няма, і не мог гэтага вынесці, - растлумачыў дырэктар.

Са слоў Томаша, паездка ў Беларусь не была ўцёкамі - мужчына папярэдне кансультаваўся з паліцыяй і консульствам.

Дырэктар прабыў у Беларусі 10 дзён - і ў ноч з 15 на 16 верасня вярнуўся ў Польшчу. На трэці дзень знаходжання на радзіме Томаша затрымалі ў Сандаміры.

Акруговы суд горада Кельце прыняў да ўвагі, што мужчына добраахвотна вярнуўся з-за мяжы, не перашкаджаў крымінальнай вытворчасці, прызнаў сябе вінаватым і пачаў выплачваць пазыку. Пры гэтым суд улічыў, што Томаш увёў крэдытораў у зман наконт сваёй сітуацыі, а таксама ўчыніў злачынства, з'яўляючыся службовай асобай.

Суд прыгаварыў ужо былога дырэктара да 2 гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама абавязаў яго выплаціць астатнюю пазыку.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках