Паплечнікі Навальнага абвясцілі ўзнагароду за праўду пра ягоную смерць
- 24.02.2024, 10:55
- 12,220
За некалькі гадзінаў грошы выраслі ў пяць разоў.
Паплечнікі Аляксея Навальнага прапанавалі сілавікам грашовую ўзнагароду і дапамогу з выездам з Расеі за інфармацыю пра смерць палітыка. За некалькі гадзінаў памер прэміі вырас у пяць разоў.
Увечары 23 лютага дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў апублікаваў відэа, у якім заклікаў супрацоўнікаў сілавых структураў дасылаць любую інфармацыю, звязаную з абставінамі смерці ў расейскай калоніі палітыка Аляксея Навальнага.
Спачатку за «каштоўную і поўную інфармацыю» паплечнікі Навальнага абяцалі выплаціць 20 тысячаў еўраў. Праз гадзіну памер грашовай узнагароды вырас удвая:
«Роўна за гадзіну нам напісалі некалькі чалавек, гатовых падтрымаць ідэю ўзнагароды. І памер узнагароджання за поўную інфармацыю за забойства Навальнага давялі ўжо да 50000 еўраў», – паведамілі ў ФБК.
Пазней Іван Жданаў паведаміў, што памер узнагароджання павысіўся да 100000 еўраў. Апроч грашовай прэміі, паплечнікі палітыка паабяцалі вывезці крыніцу з Расеі, калі яна ці ён гэтага захочуць.
Нагадаем, 16 лютага ФСВП Расеі паведаміў пра смерць палітвязня Аляксея Навальнага.
22 лютага маці Аляксея Навальнага Людміле паказалі цела сына і далі азнаёміцца з высновай. У дакуменце пазначана, што смерць палітыка ў расейскай калоніі наступіла ад «натуральных прычынаў».
Цяпер Людміла Навальная дамагаецца выдачы цела сына. Паводле словаў прэс-сакратаркі Навальнага Кіры Ярмыш, следчы прыгразіў маці палітыка пахаваць Аляксея ў калоніі, калі яна цягам трох гадзінаў не пагодзіцца на таемнае пахаванне. Жанчына ў адказ настаяла на тым, каб улады далі ёй «правесці пахаванне і паніхіду ў адпаведнасці са звычаямі».