27 снежня 2024, Пятніца, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT даведалася аб сакрэтным бункеры ва Украіне, які мае вызначальнае значэнне ў вайне

7
NYT даведалася аб сакрэтным бункеры ва Украіне, які мае вызначальнае значэнне ў вайне

І 12 сакрэтных баз.

Цэнтральная выведвальная ўправа ЗША падтрымлівае ва Украіне 12 сакрэтных баз уздоўж мяжы з Расеяй. Пры гэтым кіраўнік ЦРУ Уільям Бэрнс у мінулы чацвер здзейсніў свой 10-ы візіт ва Украіну з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ.

У адным з сакрэтных падземных бункераў украінскія вайскоўцы падслухоўваюць размовы расейскіх камандзіраў і сочаць за варожымі спадарожнікамі-шпіёнамі, гаворыцца ў матэрыяле The New York Times. Газета апісвае, як на адным з экранаў, размешчаных у бункеры, вайскоўцы прасочваюць маршрут украінскага БПЛА, начыненага выбухоўкай, які пераадольвае расейскую СПА, каб атакаваць цэль у Растове. Выданне называе гэтую базу нервовым цэнтрам украінскага войска.

Выданне паведамляе, што да вайны Украіна зарэкамендавала сябе перад амерыканцамі, сабраўшы перахопленыя звесткі, якія дапамаглі даказаць дачыненне РФ да збіцця лайнера "Малайзійскіх авіяліній" у 2014 годзе.

Украінцы таксама дапамаглі амерыканцам пераследаваць расейскіх агентаў, якія ўмешваліся ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

Прыкладна ў 2016 годзе ЦРУ пачало трэніраваць элітнае ўкраінскае падраздзяленне спецыяльнага прызначэння, вядомае як "Падраздзяленне 2245", якое захоплівала расейскія беспілотнікі і сродкі сувязі, каб тэхнічныя спецыялісты ЦРУ маглі перарабіць іх і ўзламаць маскоўскія сістэмы шыфравання. Са звестак выдання, адным з афіцэраў гэтага падраздзялення быў цяперашні кіраўнік ГУВ Кірыл Буданаў.

Як піша The New York Times, дэталі партнёрства паміж украінскай і амерыканскай выведкамі на працягу дзесяцігоддзя былі старанна ахоўнай таямніцай.

Як піша выданне, партнёрства ЦРУ і ГУВ пачалося ў канцы лютага 2014 года, калі экс-прэзідэнт Віктар Януковіч уцёк у Расею. Такое супрацоўніцтва прапанаваў Валянцін Налівайчанка, які стаў кіраўніком СБУ. У той жа час правілы ЗША забаранялі выведвальным службам надаваць Украіне любую падтрымку, якая, як можна "абгрунтавана чакаць", будзе мець смяротныя наступствы.

Са слоў NYT, чырвоныя лініі ніколі не былі дакладна вызначаныя, што стварала пастаяннае напружанне ў партнёрстве. У Кіеве Налівайчанка абраў свайго даўняга памочніка генерала Валерыя Кандрацюка кіраўніком ГУВ, і яны стварылі новае ваенізаванае падраздзяленне, якое было разгорнутае ў тыле ворага для правядзення аперацый і збору выведвальнай інфармацыі, якую не маглі даць ЦРУ або МІ-6.

У той жа час пасля інцыдэнту з заходам групы Буданава ў Крым у 2016 годзе амерыканцы былі раз'юшаныя і пагражалі закрыць праграму супрацоўніцтва. Пасля гэтага тагачасны кіраўнік ЦРУ Джон Брэнан патэлефанаваў Кандрацюку, каб яшчэ раз падкрэсліць чырвоныя лініі. Генерал быў засмучаны.

"Гэта наша вайна, і мы павінны ваяваць", - адказаў ён, са слоў яго калегі. Як піша выданне, рэакцыя Вашынгтона каштавала Кандрацюку пасады.

Выданне адзначае, што ў часы прэзідэнцтва Дональда Трампа праграма супрацоўніцтва ЦРУ і ГУВ пашырылася да больш спецыялізаваных навучальных праграм і будаўніцтва дадатковых сакрэтных баз.

Стасункі былі настолькі паспяховымі, што ЦРУ захацела паўтарыць іх з іншымі еўрапейскімі выведвальнымі службамі, якія маюць агульныя інтарэсы ў супрацьдзеянні Расеі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках