Чым займаецца ў калоніі ахоўнік Лукашэнкі, які мог рыхтаваць на яго замах
- 26.02.2024, 11:07
- 12,312
Шэраг расейскіх СМІ пісаў, што Уцюрын удзельнічаў у змове.
Блогер Сяргей Пятрухін быў затрыманы ў 2020 годзе за два месяцы да выбараў. У 2021 годзе яго прысудзілі да трох гадоў зняволення. Тэрмін мужчына адбываў у калоніі "Віцьба", дзе ўтрымліваюцца былыя сілавікі, суддзі, чыноўнікі і бізнэсоўцы. Сярод іх і былы кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэй Уцюрын, піша nashaniva.com.
Са слоў Пятрухіна, Уцюрын вельмі акуратны, добра выглядае. “У яго такія туфлі былі класныя (ведаеце, як там хочацца мець зручны абутак). І ён такі вельмі акуратны”.
Пры гэтым, адзначае Пятрухін, Уцюрын з нейкіх прычынах ходзіць на працу не са сваім атрадам у швейны цэх, а разам з тымі, хто працуе ў больш жорсткіх умовах.
“Ён з намі хадзіў. Мы займаліся дротам. Не памятаю, што ён там рабіў, бо ён у мяне на вачах не быў. Ён са свайго атрада далучаўся да нашага. І там з нашымі хлопцамі нешта рабіў”.
Са слоў Пятрухіна, у калоніі “міліцыянтаў і такіх, як Уцюрын, ігнаруюць”. Пры гэтым Уцюрын сам па сабе адзіночка.
Нагадаем, паводле афіцыйнай версіі Уцюрын быў затрыманы за карупцыю. Аднак цэлы шэраг расейскіх СМІ пісаў, што ён рыхтаваў замах на Лукашэнку.