27 лiпеня 2024, Субота, 15:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Новік: Для еўрапейскага гледача крыху шокавай тэрапіі не пашкодзіць

6
Андрэй Новік: Для еўрапейскага гледача крыху шокавай тэрапіі не пашкодзіць
АНДРЭЙ НОВІК

У Варшаве паказалі жорсткую праўду пра вайну ва Украіне.

У гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну незалежны тэатральны калектыў «BY TEATR» паказаў дакументальны спектакль "How are you?". Гэта спектакль-вярбацім, які расказвае рэальныя гісторыі людзей, якія апынуліся ў варунках вайны. У ім сабраны гісторыі ўцекачоў з Кіева і Вінніцы, досвед эміграцыі ў Румыніі, Нямеччыне, згадваюцца трагедыі Бучы і Марыюпаля.

Ці патрэбны такія пастаноўкі, якія паказваюць жорсткую праўду пра вайну? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з рэжысёрам спектакля "How are you?" Андрэем Новікам.

- З акторскага пункту гледжання - усё добра прайшло, арганізацыйна ўсё атрымалася, усё склалася. Як рэжысёр я вельмі задаволены паказамі. Вядома, мы чакалі крыху большага водгуку з боку гледачоў у плане большай колькасці людзей, але і на тым дзякуй, што маглі сабраць — сабралі.

Я цудоўна разумею, што гэтая тэма і гэты спектакль для ўспрымання беларусаў і ўкраінцаў вельмі цяжкія, балючыя. Чалавек падумае, перш чым ісці на яго, а потым некалькі дзён адыходзіць. Будзем у далейшым працаваць на палякаў, выходзіць на польскую аўдыторыю, каб было напаўненне, але пры гэтым асабліва не траўмаваць і без таго траўмаваную публіку.

Фото: Наталья Попова

- Ці былі нейкія сустрэчы, размовы пасля спектакля? Як людзі адклікаліся аб пастаноўцы?

- Так, вельмі многія падыходзілі. Пасля першага паказу практычна ўсе гледачы засталіся на месцы. Акторы выйшлі на паклон, а гледачы дагэтуль яшчэ не маглі зразумець, што ўжо канец. Я проста адчуў гэтую паўзу, якая павісла ў паветры. Вельмі былі агаломшаныя гледачы, вельмі ўражаныя, доўгі час усе акторы і гледачы стаялі і размаўлялі проста на пляцоўцы. Вельмі шмат было ўкраінцаў, вельмі шмат мы пачулі ад іх слоў падзякі за нашу працу, гэта важна. Мусіць, гэта самае галоўнае для нас як для каманды, разумець, што людзі адчуваюць нашу падтрымку.

- Можна сказаць, што вы крыху шакавалі гледача?

- У нейкай ступені - так. Не магу разважаць, агаломшылі ці не агаломшылі. Адназначна можна сказаць, што глядач выйшаў пад уражаннем. Хтосьці падыходзіў і казаў: "Мне такое глядзець нельга", але пры гэтым дзякаваў. Нехта казаў: “Вялікі дзякуй за тое, што вы даносіце інфармацыю, за тое, што робіце. Дзякуй за тое, што не даяце забыцца”. Было вельмі шмат слоў падзякі, але ў кожнага сваё ўспрыманне, свае адчуванні, свой боль.

- Як рэжысёр, як вы думаеце, патрэбныя і ці важныя такія спектаклі, якія паказваюць вельмі жорсткую праўду, якую часам людзі, можа, не гатовыя ці не хочуць глядзець?

Фото: Наталья Попова

- Абавязкова, такія праекты патрэбныя. Глядач сам мае права выбіраць, куды яму хадзіць, куды не хадзіць. Але калі мы пазбавім гледача магчымасці выбіраць і хадзіць на такія спектаклі, то мы прыбяром пласт мастацтва, мы пазбавім гледача выбару. Мы ўсё ж такі павінны даносіць рознымі шляхамі, рознымі магчымасцямі праблемы і боль, узнімаць нешта важнае ўсялякімі сродкамі і спосабамі. Тым больш, што для еўрапейскага гледача крыху шокавай тэрапіі не пашкодзіць.

Фото: Наталья Попова

Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы выказаць падзяку вашаму парталу. Я хачу, каб ваш чытач ведаў, што "Хартыя" - не толькі інфармацыйны сайт, але яшчэ і арганізацыя, якая дапамагае, падтрымлівае ўсімі магчымымі рэсурсамі і спосабамі. За гэта шчырая падзяка ўсёй камандзе і Наталлі Радзінай. За тое, што дапамагла нашай камандзе зрабіць першыя крокі ў самаарганізацыі і адкрыцці юрыдычнай асобы. Ад усёй каманды шчыра дзякуем. Вельмі хацелася б, каб ваш чытач ведаў гэта. Адчуваць падтрымку вельмі важна.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках