Дзель расейцаў, якія мяркуюць, што вайна – памылка, дасягнула амаль 40%
13- 26.02.2024, 21:39
- 8,992
Апытанне.
Расейскія грамадзяне ўсё больш шкадуюць, што 24 лютага 2022 года войска на загад прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ўварвалася ва Украіну, паказала апытанне, праведзенае сацыёлагамі RussianField.
На стан лютага рэкордныя 38% грамадзянаў заявілі, што скасавалі б пастанову пра пачатак «ваеннай аперацыі», калі б у іх была такая магчымасць. У параўнанні з сакавіком 2022 года колькасць такіх людзей павялічылася на 10 адсоткавых пунктаў.
Дзель тых, хто ўсё роўна скіраваў бы танкі і паліцы ва Украіну, па-ранейшаму вышэйшая – 49%. Аднак «партыя вайны» сціскаецца: у сакавіку 2022 года «не сталі б скасоўваць» пастанову Пуціна 57%, падчас мабілізацыі дзель такіх апусцілася да 51%, а цяпер упала ніжэй за палову.
Пераважная большасць апытаных мяркуе, што тэрміны «ваеннай аперацыі» задоўжыліся (71%), піша RussianField: у асноўным гэта моладзь і малазабяспечаныя грамадзяне, прычым у гэтай думцы адзіныя як гледачы федэральнай ТВ-прапаганды (76%), так і чытачы тэлеграм-каналаў (67%). У сакавіку 2022 года толькі 13% расейцаў меркавалі, што вайна прадоўжыцца больш за год. Цяпер, калі баявыя дзеянні перасягнулі трэцюю гадавіну, 44% мяркуюць, што і праз год спыніць кровапраліцце не атрымаецца.
Больш як палова апытаных RussianField (56%) заявіла, што ўважае за «паспяховыя» дзеянні войска, якое, паводле звестак амерыканскай выведкі, страціла больш за 300 тысячаў чалавек. Адначасова больш за траціна рэспандэнтаў (35,8%) не змагла сказаць, якія з заяўленых мэтаў былі дасягнутыя за два гады, а амаль чвэрць – 23,1% – адказала, што «ніякія».
З канца 2023 года, паводле звестак RussianField, большасць расейцаў выступае за пераход да мірных перамоваў: у лютым такі адказ далі 49% рэспанеднтаў, што стала рэкордам за ўвесь час апытанняў. Дзель тых, хто мяркуе, што патрэбна прадаўжаць баявыя дзеянні, з 54 адсоткаў у сакавіку 2022 года сціснулася да 40 адсоткаў.
Пры гэтым калі б пастанову пачаць перамовы агучыў Пуцін, дык яго, паводле даследавання, падтрымалі б ужо 75%, у тым ліку палова тых, хто выступае за прадаўжэнне баявых дзеянняў, гаворыцца ў даследаванні.