1 верасня 2024, Нядзеля, 1:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Славацкі палітолаг расказаў, чаму Фіца загаварыў аб адпраўцы войскаў NATO ва Украіну

6
Славацкі палітолаг расказаў, чаму Фіца загаварыў аб адпраўцы войскаў NATO ва Украіну

Ёсць унутрыпалітычная падаплёка.

Прэм'ер-міністр Славакіі Робэрт Фіца пасля сустрэчы з кааліцыяй перад самітам еўрапейскіх лідараў у Парыжы ў падтрымцы Украіны заявіў, што некаторыя краіны Паўночнаатлантычнага альянсу і Еўрапейскага Звязу абмяркоўваюць магчымасць уводу сваіх войскаў на тэрыторыю Украіны. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пацвердзіў, што такія размовы вядуцца.

Ці сапраўды разглядаецца пытанне аб адпраўцы вайсковага кантынгенту ва Украіну? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў са славацкім палітолагам і прэзідэнтам Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгорам Мясежнікавым.

- Думаю, што ўсё напраўду крыху па-іншаму. Макрон не выключыў такую магчымасць, але ніякіх перамоў у фармаце Еўразвязу і NATO, на ўзроўні гэтых арганізацый, не вядзецца, гэта проста выключана цяпер. А што да Робэрта Фіцо, то яго прарасейская і антыўкраінская пазіцыя вядомая, але яна мае сур'ёзную ўнутрыпалітычную падаплёку. Ён у апошнія дні нагаварыў розных рэчаў, ці ледзь не біў трывогу, што нехта Славакію змушае паслаць свае войскі ва Украіну, што ён склікае нараду славацкай Рады бяспекі, на гэтай нарадзе будзе прынятая пастанова ні ў якім разе не пасылаць войскі. Гэта ўсё мае чыста ўнутрыпалітычную падаплёку.

На жаль, гэта падрывае аўтарытэт Славакіі. І чарговым разам паказвае Роберта Фіца ў непрывабным прарасейскім святле.

У чым палягае ўнутрыпалітычная падаплёка? У нас менш як праз месяц будуць прэзідэнцкія выбары. Нельга пакуль прадказаць, што кандыдат ад урадавай кааліцыі Петэр Пелегрыні на гэтых выбарах пераможа. Пакуль вынікі цяжка прадбачыць, таму Фіца хоча мабілізаваць электарат аднаго з кандыдатаў, прарасейскага палітыка Штэфана Гарабіна, які зараз знаходзіцца на трэцім месцы, а ў другі тур не праходзіць. Гарабін сцвярджае, што ён у другім туры не будзе заклікаць сваіх выбарцаў галасаваць за кагосьці з гэтых двух кандыдатаў.

Другі кандыдат з рэальнымі шанцамі - гэта празаходні Іван Корчак. Фіца, падлічваючы адсоткі, занепакоены, што Пелегрыні не ўдасца прыцягнуць на свой бок у другім туры электарат Гарабіна. Гэта такія рэакцыйныя кансерватыўныя прарасейскія антызаходнія выбарцы. Таму Робэрт Фіца робіць гэтую працу за Пелегрыні, хоча падаць справу так, што калі прэзідэнтам стане былы міністр замежных спраў, празаходні кандыдат Іван Корчак, то ён абавязкова ўцягне Славакію ў вайну супраць Расеі на баку Украіны, пашле на гэтую вайну славацкія войскі. Трызненне, вядома, але на менш прасунутую частку выбарцаў можа падзейнічаць.

Я проста не магу зараз уявіць, каб на ўзроўні NATO або Еўразвязу зараз ішлі перамовы аб адпраўцы войскаў дзяржаў-чальцоў ва Украіну. Гэта адкрытыя арганізацыі, калі б там нешта такое адбывалася, мы б ужо напэўна даўно пра гэта ведалі. Не выключаю, што ёсць нейкія меркаванні на ўзроўні двухбаковых дачыненняў Украіны з дзяржавамі-сябрамі ЕЗ ці NATO, але гэта зусім іншае.

Цяпер Украіна ўкладае дагаворы аб стратэгічным супрацоўніцтве ў галіне бяспекі, наколькі я ведаю - з Даніяй, Вялікабрытаніяй. Гэты працэс можа працягвацца, але ніякіх перамоў на ўзроўні NATO і Еўразвязу аб накіраванні войскаў ва Украіну не вядзецца, гэта я магу вам дакладна сказаць.

Цяпер вядуцца агульныя дыскусіі аб падтрымцы Украіны, што-нішто на сустрэчы ў Парыжы прапанаваў Макрон, але зноў-жа, трэба ўлічваць, што гэта прапанаваў Макрон. Ён ужо высоўваў даволі нядрэнныя прапановы, але некаторыя з іх да гэтага часу так і не рэалізаваліся. Напрыклад, у пачатку вайны ў Газе ён прыехаў у Ізраіль і абвясціў, што трэба стварыць міжнародную кааліцыю супраць ХАМАС. Але дзе яна?

Макрон заявіў аб неабходнасці стварэння кааліцыі ў пастаўках Украіне дальнабойных ракет. Зноў-такі, быццам бы нейкія краіны (пакуль не названа, якія менавіта) пагадзіліся ўступіць у гэтую кааліцыю, але я да гэтага, шчыра кажучы, пакуль стаўлюся скептычна. Калі б Францыя проста пастаўляла ў дастатковай колькасці свае ракеты SCALP, якія ў іх ёсць, гэта было б ужо вельмі важна. Нямеччына, наколькі мы ведаем, пакуль адмаўляецца пастаўляць ракеты TAURUS.

Так што вашае пытанне я такім чынам парырую: я нічога не чуў, каб нейкія краіны пасылалі войскі. Я не выключаю, што такая магчымасць узнікне, калі, дапусцім, Расея нападзе на нейкую краіну NATO, трэба будзе весці дзеянні, у тым ліку - і на тэрыторыі Украіны. Гэтага я не выключаю, але пакуль такой сітуацыі няма.

- Калі ўзяць гэтыя двухбаковыя дамовы аб стратэгічным супрацоўніцтве ў галіне бяспекі Украіны з той жа Даніяй, напрыклад, як яны могуць выглядаць? Гэта толькі перадача зброі ці яшчэ нешта?

- Данія ўжо перадала, наколькі мне вядома, усю сваю артылерыю, наогул абсалютна ўсё, што ў іх было, Украіне ці знаходзіцца ў працэсе перадачы. Гэта будзе ўзмоцненая падтрымка менавіта пастаўкамі ўзбраення, трэнінгам, падрыхтоўкай украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку, канешне, і не тэрыторыі Украіны. Але гэта будуць спецыялісты, экспэрты, нейкі тэхнічны дапаможны персанал, але не камбатанты. Высылкі войскаў для вядзення вайны дамовы аб стратэгічным супрацоўніцтве гэта не маюць на ўвазе.

Будзе і абмен інфармацыяй, у тым ліку - і выведвальнай. Зразумелая рэч, што гэта будзе мець наступствы і для палітычнай падтрымкі Украіны. Краіны, якія падпішуць такую дамову, відавочна будуць на ўсіх узроўнях, у міжнародных арганізацыях, у якіх яны з'яўляюцца чальцамі (Еўразвяз, NATO, АБСЕ, ААН ці нейкіх іншых), адназначна падтрымліваць Украіну. Але яны ўжо і зараз яе падтрымліваюць. Становіцца зразумела, што ўкладанне гэтых пагадненняў - гэта акурат ужо выхад на заключны этап умацавання супрацоўніцтва.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках