Артылерыя УСУ накрыла два расейскія «Грады» з экіпажамі
2- 27.02.2024, 16:59
- 6,412
«Феерверк» патрапіў на відэа.
Артылерыя Узброеных сіл Украіны знішчыла адразу дзве рэактыўныя сістэмы залпавага агню «БМ-21 Град» расейцаў на Усходзе. Відэа знішчэння варожых РСЗА паказаў валанцёр і блогер Сяргей Сцярненка ў сацсетцы Twitter. Фрагмент відэа публікуе Тэлеграм-канал «Украіна 365».
Адзначаецца, што паражэнне расейскіх «Градаў» адбылося дзякуючы супольнай працы батальёна К-2 54-й АМБр УСУ, брыгады НДУ «Рубеж» пры ўзаемадзеянні з украінскімі артылерыстамі. Выяўленне і карэктаванне агню ажыццяўлялася, зрэшты, з дапамогай выведвальных дронаў.
Мяркуючы па характэрных парывах, імаверна, абедзве БМ-21 «Град» былі падбітыя ракетамі GMLRS з рэактыўных установак M142 HIMARS або M270.
На кадрах відаць, што сама меней адна ўстаноўка была зараджаная рэактыўнымі набоямі, і пасля паражэння ў некаторых боепрыпасаў загарэліся цвёрдапаліўныя рухавікі, што прывяло да іх дэтанацыі.
OSINT-даследчыкам тэлеграм-канала «КіберМука» ўдалося вызначыць месца знішчэння варожых РСЗА.
Расейскія БМ-21 «Град» былі знішчаныя на захад ад часовага акупаванага Лісічанска ў Луганскай вобласці.
Магутнасць гарэння варожых рэактыўных установак дае падставу сцвярджаць, што яны былі знішчаныя цалкам.