Стала вядома, дзякуючы чаму УСУ сталі кожны дзень збіваць самалёты РФ
23- 28.02.2024, 8:27
- 34,650
«Самалётапад» невыпадковы.
Апошнім часам абаронцы ўкраінскага неба збіваюць усё больш расейскіх знішчальнікаў Су-34 і іншых варожых бартоў. Хутчэй за ўсё, гэта стала магчымым не праз паступленне пэўных тыпаў зенітных ракет, а дзякуючы майстэрству ўкраінскіх падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны.
Пра гэта ў эфіры "Эспрэса" сказаў ваенны экспэрт партала Defence Express Іван Кірычэўскі. Ён падкрэсліў, што цяпер пытанне не ў тым, чым менавіта збілі расейскія самалёты, а што гэта ўдалося зрабіць насуперак тым мерам, да якіх звяртаецца вораг, каб супрацьдзейнічаць украінскай СПА.
«Наша СПА навучылася дзейнічаць пад пастаянным прэсінгам супраціўніка ў прыфрантавой зоне і навучылася збіваць расейскія самалёты. Наўрад ці такая інтэнсіўнасць збіцця звязаная з паступленнем тых ці іншых тыпаў зенітных ракет. Хутчэй, гэта ўжо аператыўнае майстэрства нашых супрацьпаветраных сілаў», – адзначыў Кірычэўскі.
Пра тое, што ўкраінскія сілы СПА навучыліся збіваць баявыя самалёты акупантаў, сведчыць цэлы шэраг страчаных ворагам бартоў на працягу аднаго толькі апошняга месяца. А ў аўторак, 27 лютага, у дзень інтэнсіўных баёў ваярам удалося прызямліць два расейскія самалёты Су-34.
Экспэрт таксама выказаў меркаванне, якія тыпы ўзбраення абаронцы неба маглі выкарыстоўваць для гэтага.
“Гэта можа быць Patriot у розных камбінацыях. Нават у рамках праекту FrankenSAM казалі пра розныя заходнія дэталі. Таксама некаторыя нашы структуры заявілі, што ў нас з'явілася "Зорка смерці" пад назвай "комплекс С-200", які мае заяўленую пашпартную далёкасць знішчэння паветраных цэляў да 250 км. Яшчэ ў нас ёсць італьянска-французскія комплексы SAMP/T, якія таксама маюць дастаткова высокую далёкасць знішчэння аэрадынамічных цэляў”, – сказаў ён.