Сілавікі разграмілі кватэру гомелькі, якая з'ехала з Беларусі
20- 28.02.2024, 11:18
- 19,306
У дачыненні да Алы Марціновіч распачалі крымінальную справу.
Сілавікі разграмілі кватэру гомельскай актывісткі Алы Марціновіч, якая з'ехала з Беларусі праз палітычны пераслед. Пра гэта паведаміў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
У апублікаваным прапагандыстамі роліку бачна, як мужчына ў поўным абмундзіраванні з нашыўкай “Баця” на шаломе выразаў замок уваходных дзвярэй у кватэру жанчыны, а затым сілавікі ўварваліся ўнутр. У відэа паказалі, як жыллё выглядала да “вышуку” — акуратна, і як пасля: раскіданыя па падлозе рэчы, выламаныя дзверы, вэрхал.
Прапагандысты паведамілі, што ў дачыненні Алы Марціновіч распачалі крымінальную справу паводле арт.361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання). З іх сцвярджэння, падставай для “вышуку” стала інфармацыя, што па месцы жыхарства актывісткі “знаходзяцца прадметы, забароненыя да грамадзянскага абарачэння”. Ці былі яны знойдзены - не паведамляецца.
“Кватэрнае пытанне” прымае заяўкі для выбару наступнага героя”, - паздзекаваліся з разгромленай кватэры у канцы свайго роліка сілавікі.
Ала Марціновіч была ўдзельніцай вулічных акцый у Гомелі, пісала Deutsche Welle. У чэрвені 2021 года яна была затрымана і атрымала 15 дзён адміністрацыйнага арышту, некалькі дзён утрымлівалася ў карцары. Пакуль яна знаходзілася ў камеры ІЧУ, у яе кватэры ГУБАЗіК тройчы праводзіў ператрусы, спрабуючы абвінаваціць у мадэраванні пратэстнага тэлеграм-канала. Пасля вызвалення жанчына даведалася, што звольнена з Інстытута павышэння кваліфікацыі. А ў верасні 2022 года з-за пагрозы распачынання крымінальнай справы яна з'ехала з Беларусі ва Украіну.