«Неўзабаве абавяжуць на нашых кухнях відэакамеры з трансляцыямі ўсталёўваць»
11- 28.02.2024, 12:13
- 7,192
Беларусы — пра новаўвядзенні ў таксі.
У працы таксі ў Беларусі, магчыма, будуць сур'ёзныя змены. Чыноўнікі разважылі, што відэакамеры ў аўто "прывядуць да пэўнай дысцыпліны і кіроўцаў, і пасажыраў". Жыхары Барысава і Жодзіна падзяліліся меркаваннем аб новаўвядзеннях:
- Камеры цяпер усюды, і яны зусім не робяць жыццё больш бяспечным. А тут яшчэ для таксі хочуць увесці відэафіксацыю з захоўваннем запісаў і доступам да іх кантрольных і праваахоўных органаў. Я ціхі мірны чалавек, але не хачу, каб мяне здымалі на відэа падчас паездкі ў таксі. А кіроўцы? Усю сваю змену яны будуць думаць аб тым, што іх здымае камера? І пагаварыць з таксістам нельга будзе...
- Падумала, што таксістаў-блогераў стане цяпер вельмі шмат. Будзем глядзець сябе ў іх інстаграмах і цік-токах. Мой муж быў у Расеі на заробках, вяртаўся дадому праз Маскву, там яго зняў таксіст і выклаў у інтэрнэт. Муж, вядома, быў п'яны і не заўважыў. А відэа мне жанчыны на працы паказалі. А здавалася: дзе Масква, а дзе Жодзіна. Добра, хоць не папулярнае відэа было...
- Ды калі б толькі відэа было праблемай, якая нам пагражае. Працую ў таксі 10 гадоў на сваім аўто. Мог зарабляць і сям'ю ўтрымліваць, але зараз стала больш складана. Цяпер усялякія мыты і рэестр платны прыдумалі, тарыфы на паездкі вырастуць, людзі менш ездзіць будуць. І ўвогуле, на рынку таксі ўжо не будзе, як раней. Трэба працу шукаць нармальную...ці з'язджаць далей. Дзеці ўжо ў Польшчы, зараз з жонкай думаем, што нам рабіць.
- Некалькі месяцаў таму пачаў працаваць у адміністрацыі, скажам так, новай фірмы таксі. Думалі развівацца, а тут гэты праект дурны. Акрамя таго, што паводле будучых правілаў у кожным аўтамабілі таксі ўсталююць камеры відэаназірання, трэба будзе заплаціць за рэестр, які ўлічыць усіх таксістаў. Кожнае аўто — гэта дзве базавыя адзінкі, то бок зараз гэта 74 рублі. Яшчэ базавую за кожнага кіроўцу і па сто базавых адзінак за дыспетчараў. Карацей, нам хутчэй за ўсё, прыходзіць гамон. Нават прыбытку нармальнага яшчэ не было.
- Адчуваю, гарадскія аўтобусы зноў будуць бітком... Але вы ж ведаеце, якія ў Жодзіна аўтобусы. Я сама не хачу ў таксі з відэа. Разумею, што не ўсе такія грэблівыя, але беларусы будуць хадзіць пешшу ці перасядуць на грамадскі транспарт. Бо на таксі будзе дорага...
А калі гэты законапраект набудзе моц, то нікому няма сэнсу ездзіць і працаваць у таксі... Для пасажыраў будзе дорага. А як дорага для таксістаў! Таму, што фірме трэба ў аўтамабілі паставіць два відэарэгістратары, каб уключыцца ў рэестр, трэба заплаціць 100 базавых адзінак — 3700 рублёў. Яшчэ і мыты за кожны аўтамабіль і кіроўцы гэта ўжо вялікая сума. Якая невялікая фірма гэта вытрымае. Ці ўсё на карысць “Яндэкса”?
- "Прывядзе да пэўнай дысцыпліны і кіроўцаў, і пасажыраў" - гэта ж маразм. Абавязкова нехта з людзей пацерпіць, вядома. Гэтага ж новаўвядзенне - для штрафаў, для таго, каб менш свабоды ў людзей было. Неўзабаве абавяжуць на нашых кухнях і ў спальнях відэакамеры з трансляцыямі ў міліцыю ўсталёўваць.