СМІ: КДБ арыштаваў больш за 20 афіцэраў ДФР
14- 8.02.2024, 21:24
- 31,490
Пад чысткі патрапілі і антыгероі 2020-га.
Ад трох інфармаваных суразмоўцаў «Нашай Ніве» сталі вядомыя абставіны «справы ДФР», якая цяпер разгортваецца ў Беларусі. Затрыманыя два дзясяткі найстарэйшых афіцэраў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю. Асноўны ўдар прыпаў на ўправу Менскай вобласці і Менска, а таксама на цэнтральны апарат.
ДФР – Дэпартамент фінансавых расследаванняў пры Камітэце дзяржаўнага кантролю. Своеасаблівая фінансавая міліцыя, якая стала часткай палітычнай паліцыі рэжыму Лукашэнкі, выконваючы замовы ў ліквідацыі бізнэсаў, пасадках непажаданых або выцісканні іх за мяжу шляхам фабрыкацыі эканамічных крымінальных справаў.
Тут.бай, Белгазпрамбанк, «Грын», «Суседзі» і многія-многія іншыя, каго або пасадзілі, або распранулі – гэта было зроблена рукамі ДФР, збольшага Менскага кіравання. І вось узнагароды знайшлі сваіх герояў – праз чатыры гады пасля старту масавых рэпрэсій з ператрусамі прыйшлі ў кабінеты саміх працаўнікоў ДФР.
Як стала вядома «Нашай Ніве» ад трох не звязаных паміж сабой суразмоўцаў, ужо некалькі тыдняў КДБ праводзіць арышты афіцэраў цэнтральнага апарату ДФР і ўправы Менска і Менскай вобласці ў рамках расследаванняў справаў паводле арт. 430 (атрыманне хабару) і 424 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў).
«Пачалося як звычайна: узялі аднаго дзеяча з менскай управы з хабарам ад прадпрымальніка за “развязанне пытанняў”. Той пачаў здаваць іншых. Так і раскручваецца. Моцна прарэдзілі менскую ўправу, цяпер ідуць па цэнтральным апараце. Затрымлівае КДБ», – паведаміў нам дасведчаны суразмоўца.
Нагадаем, нядаўна Лукашэнка прызначыў выхадца з КДБ Андрэя Самбука на пасаду кіраўніка ДФР.