У Беларусі знайшлі яшчэ адну катэгорыю «дармаедаў»
7- 1.03.2024, 10:33
- 14,500
Патрапіць у яе можна на шэсць месяцаў.
Адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі Гародні «ЮрЭкспэрт» Сяргей Ярашэвіч растлумачыў, паводле якіх тарыфаў павінны плаціць за камуналку замежныя грамадзяне, якія ўвесь час пражываюць у Беларусі. У некаторых выпадках замежнікаў, як і беларусаў, могуць унесці ў спіс «працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы», так званым дармаедаў, і, адпаведна, абавязаць плаціць за паслугі ЖКГ паводле 100%-х тарыфаў.
У Беларусі тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКУ) субсідуе дзяржава, аднак некаторыя катэгорыі грамадзян не могуць разлічваць на гэтую льготу. Ёсць сярод іх і замежнікі.
Зрэшты, само па сабе замежнае грамадзянства не з'яўляецца крытэрам для аўтаматычнага ўключэння ў базу дармаедаў. Так, паводле пастановы Саўміна да дармаедаў не належаць іншаземцы або асобы без грамадзянства пры выкананні наступных умоў:
у іх ёсць афіцыйны дазвол на сталае пражыванне ў Беларусі,
яны зарэгістраваныя па месцы жыхарства ў Беларусі,
узрост грамадзяніна - ад 18 гадоў і да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.
Прычым дзейнічаць гэтае правіла будзе толькі на працягу шасці месяцаў, пачынаючы з месяца, у якім яны былі зарэгістраваныя па месцы жыхарства. Па сканчэнні гэтага перыяду, як растлумачыў Ярашэвіч на старонках рэгіянальнай газеты "Перспектыва", афіцыйна не працоўных замежнікаў маюць права ўключыць у базу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, і патрабаваць ад іх 100%-най кампенсацыі выдаткаў дзяржаве на паслугі ЖКГ.