Згвалтаваная ў Варшаве беларуска памерла
- 1.03.2024, 15:17
- 23,280
Ёй было 25 гадоў.
У шпіталі памерла 25-гадовая беларуска Ліза, якую згвалтаваў і спрабаваў задушыць нападнік у цэнтры польскай сталіцы. Пра гэта паведаміла выданне Onet са спасылкай на прэс-сакратара Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта Барбару Мяткоўску.
- На жаль, нам вельмі шкада, але мы не змаглі яе выратаваць. Пацыентка памерла сёння апоўдні. Яна паступіла ў наш шпіталь у вельмі цяжкім стане, але лекары паспрабавалі выратаваць ёй жыццё. Непасрэднай прычынай смерці дзяўчыны стала смерць мозгу, паведаміла Барбара Мяткоўска.
Пасля нападу дзяўчына знаходзілася ў цяжкім стане ў рэманімацыйным аддзяленні бальніцы. Яна была без прытомнасці на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Нягледзячы на ўсе намаганні польскіх лекараў, Ліза памерла 1 сакавіка.
Затрыманы паводле падазрэння ў нападзенні дзяўчыны жыхар Варшавы знаходзіцца пад вартай. Раней яму выставілі падазрэнне ў замаху на забойства, спалучанае з згвалтаваннем і разбоем. Паліцыя праверыла яго ДНК на дачыненне да такіх злачынстваў, але ў базе праваахоўнікаў падабенства з яго генетычным матэрыялам знойдзена не было. Раней мужчына быў судзімы за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Як піша Onet, яму трэба прайсці псіхіятрычную экспэртызу, якая павінна вызначыць ягоную адэкватнасць на момант нападу.
Нагадаем, на Лізу напаў мужчына ўночы з 24 на 25 лютага ў цэнтры Варшавы. Ён прыставіў нож да горла, згвалтаваў і спрабаваў задушыць. Дзяўчыну знайшлі без прытомнасці. Падазраванага затрымалі ў той жа дзень - ім быў 23-гадовы варшавяк.