Юлія Навальная развіталася з мужам
19- 1.03.2024, 17:06
- 15,912
Яна апублікавала ў інстаграме допіс.
1 сакавіка на Барысаўскіх могілках у Маскве пахавалі лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага, які памёр у калоніі «Палярны воўк» у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, як паведаміла ФСВП, 16 лютага. Тысячы людзей прыйшлі да храма «Сціш мой смутак» у маскоўскім раёне Мар'іна, дзе праходзіла адпяванне палітыка, а затым рушылі за труною з яго целам да могілак.
Юлія Навальная - жонка і пераемніца палітыка - знаходзіцца не ў Расеі і не змагла прыйсці на пахаванне. Яна апублікавала ў інстаграме допіс, у якім развіталася з мужам. Charter97.org публікуе яго цалкам.
- Лёша, дзякуй табе за 26 гадоў абсалютнага шчасця. Так, нават за тры апошнія гады шчасця. За каханне, за тое, што заўсёды падтрымліваў, за тое, што смяшыў нават з турмы, за тое, што ты пра мяне заўсёды думаў.
Я не ведаю, як жыць без цябе, але я пастараюся так, каб ты там, наверсе, радаваўся за мяне і ганарыўся мною. Я не ведаю, спраўлюся ці не, але я буду старацца.
Мы абавязкова сустрэнемся аднойчы. У мяне столькі для цябе нерасказаных гісторый, і ў мяне столькі для цябе захаваных у тэлефоне песень, дурных і смешных, наогул, шчыра кажучы, жудасных песень, але яны пра нас, і я так хацела даць табе іх паслухаць. І так хацела глядзець, як ты іх слухаеш, смяешся, а потым абдымаеш мяне.
Кахаю цябе вечна. Спачывай з мірам, - напісала Юлія Навальная.