Макрон паабяцаў выкупацца ў Сене, дзе дазволяць плаваць пасля стогадовага перапынку
- 1.03.2024, 18:54
- 4,644
Перад гэтым выкупацца ў рацэ паабяцала мэр Парыжа Ан Ідальга.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў аднойчы выкупацца ў рацэ Сене, якая праходзіць праз Парыж, пасля заканчэння маштабных ачышчальных работ і яе адкрыцця для купання пасля 100-гадовага перапынку.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Падчас цырымоніі адкрыцця алімпійскага гарадка ў прыгарадзе Парыжа Макрона спыталі, ці наважыцца ён сам пакупацца ў Сене, дзе будзе праходзіць частка спаборніцтваў у рамках Алімпіяды.
Прэзідэнт адказаў, што аднойчы зробіць гэта, але пажартаваў, што не будзе паведамляць дату загадзя, каб там не сабраўся цэлы натоўп.
Парыж акурат заканчвае дарагі праект па ачыстцы ракі, дзе блізу 100 гадоў купанне было забароненае праз стан вады. У 2023 годзе там ужо павінна была адбыцца спартовая падзея для плыўцоў, але яе скасавалі праз прарыў каналізацыі.
Перад гэтым выкупацца ў Сене паабяцала мэр Парыжа Ан Ідальга.