21 снежня 2024, Субота, 17:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашысты ўводзяць чарговыя змены датычна «дармаедства»

17
Лукашысты ўводзяць чарговыя змены датычна «дармаедства»

Адна з іх закранае рынак працы.

Для беларусаў падрыхтавалі чарговыя змены датычна «дармаедства». Адну з іх ужо зацвердзілі, яна тычыцца атрымання сямейнага капіталу і пачне працаваць у канцы траўня. Іншую ж навінку пакуль не зацвердзілі, яна закранае рынак працы. З 1 сакавіка таксама пачалі працаваць некаторыя іншыя змены, пра якія стала вядома яшчэ ў студзені, адзначае «Люстэрка».

Абмежаванне ў сямейным капітале

З 28 траўня ў Беларусі ўвядуць новыя абмежаванні ў сямейным капітале. Як высветлілася, яшчэ адна навінка тычыцца «дармаедства» – некаторым сем'ям, у якіх бацька трапіць ва «ўтрыманцы», не будуць прызначаць сямейны капітал. Яны таксама не змогуць датэрмінова выкарыстоўваць гэтыя сродкі.

«Уведзеная такая ўмова, як занятасць працаздольнага бацькі, айчыма ў поўнай сям'і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям'і, г.зн. на дату звароту па прызначэнне сямейнага капіталу працаздольны бацька ў поўнай сям'і павінен працаваць не менш за шэсць месяцаў у 12-месячным перыядзе перад месяцам звароту», – удакладняюць у Мінпрацы.

Гэтак жа звязанае з занятасцю бацькі і права на датэрміновае распараджэнне сямейным капіталам. «Калі сям'я хоча выкарыстоўваць гэтыя сродкі для любога з кірункаў, працаздольны бацька, айчым у поўнай сям'і, бацька ў няпоўнай сям'і павінен быць заняты не менш як 12 месяцаў у двухгадовым перыядзе перад зваротам», – дадалі ва ўстанове.

Магчымая навіна датычна рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзібаў

Чыноўнікі таксама хочуць увесці змены на рынку працы. Узмацненні жорсткасці прадугледжаныя праектам новага закона аб занятасці насельніцтва, яго ўжо прыняў у першым чытанні парламент. Як вынікае з дакумента, тыя, хто ажыццяўляе дзейнасць у паслугаў сферы аграэкатурызму і рамесную дзейнасць, не будуць уважацца як занятыя. Гэта ж датычыцца навучэнцаў у дзённай форме атрымання адукацыі ва ўстановах адукацыі.

Калі цяпер да занятых адносяць таксама тых, хто «займаецца іншай не забароненай заканадаўствам дзейнасцю, якая прыносіць заробак», то ў праекце новага закона выключаны і гэты пункт.

Ці будуць прынятыя гэта прапанаваныя змены – пад пытаннем. Законапраект павінны будуць разгледзець дэпутаты парламента ў другім чытанні. Калі дакумент зацвердзяць, то пасля гэтага яго накіруюць у Савет Рэспублікі. Калі законапраект і тут ухваляць, то ён пойдзе на подпіс Лукашэнку.

Якая навіна з'явілася для агароднікаў

З 1 сакавіка запрацавала змяненне, якое датычыцца тых, хто займаецца раслінаводствам або жывёлагадоўляй на сваім зямельным надзеле. Раней такі занятак вызваляў ад «дармаедства». Адна з умоваў – надзел гэты павінен знаходзіцца за рысай сталіцы і абласных гарадоў. Гэта значыць, калі вы актыўна вырошчваеце таматы ці агуркі ў сябе на лецішчы, разводзіце трусоў ці курэй і можаце гэта пацвердзіць у «дармаедскай» камісіі, то вас могуць выключыць з гэтай базы.

З 1 сакавіка ўвялі новыя ўмовы: тыя, хто займаецца раслінаводствам або жывёлагадоўляй на сваім зямельным надзеле, не могуць адсутнічаць у Беларусі сумарна больш за 30 дзён цягам аднаго квартала. Інакш іх залічаць у «дармаеды». Таксама з'явіўся пункт аб абавязковай рэгістрацыі на месцы жыхарства ў Беларусі тых, хто нешта вырошчвае і не хоча запісвацца ва «ўтрыманцы».

Нагадаем, у 2022 годзе чыноўнікі ўвялі змену, паводле якой за «дармаедаў» уважаюцца тыя, хто з'ехаў за мяжу больш чым на 30 дзён, нават калі працуе ці вучыцца за мяжой. Але тут ёсць выключэнне: гэта не датычыцца тых, хто працуе або праходзіць навучанне ў краінах ЕАЭС – Расеі, Казахстане, Арменіі, Кыргызстане. Яшчэ выключэнне – выезд на лячэнне або ў камандзіроўку.

З усяго відаць, у выпадку з агароднікамі уведзеная раней умова адсутнасці ў краіне 30 дзён не працавала.

Чыноўнікі з 1 сакавіка таксама ўвялі новаўвядзенні таксама для беларусак, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў або ў якіх трое і больш няпоўнагадовых дзяцей. Каб не ўважацца за «дармаедаў», трэба фактычна жыць у Беларусі – гэта значыць знаходзіцца за межамі краіны не больш за 30 дзён цягам аднаго квартала (як і ў выпадку з агароднікамі).

Выключэнне – выезд за мяжу на лячэнне або аздараўленне. Такое ж патрабаванне ўвялі і для тых, хто выхоўвае дзіця да 18 гадоў, у якога ёсць інваліднасць. Нагадаем, у выпадку выхавання няпоўнагадовага дзіцяці з інваліднасцю за занятых у эканоміцы могуць уважацца як мужчына, так і жанчына (калі размова пра дзіця да 7 гадоў, то такое права ёсць толькі ў жанчынаў).

Як і з агароднікамі, у выпадку з тымі, хто выхоўвае дзяцей, таксама былі розначытанні – ці распаўсюджваецца на іх правіла адсутнасці ў краіне 30 дзён ці не. Але цяпер чыноўнікі адназначна прапісалі гэты момант.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках