Пуцін падпісаў указ пра вайсковыя зборы ў РФ з таемнымі пунктамі
11- 1.03.2024, 20:35
- 12,936
Яны датычацца тэрмінаў і колькасці прызыўнікоў.
Прэзідэнт Расеі Пуцін у пятніцу, 1 сакавіка, падпісаў указ аб мабілізацыі на ваенныя зборы расейцаў, якія знаходзяцца ў запасе.
Згодна з дакументам, апублікаваным на партале прававой інфармацыі, рэзервісты выправяцца на зборы ва Узброеныя сілы РФ, войскі Нацыянальнай гвардыі, органы дзяржаўнай аховы, ФСБ, а таксама ў выратавальныя воінскія фармаванні ў справах грамадзянскай абароны і надзвычайных сітуацыяў, піша The Moscow Times.
Забяспечыць набор грамадзянаў і правядзенне збораў даручана ўраду РФ і органам выканаўчай улады суб'ектаў РФ.
Ва ўказе Пуціна не ўдакладняюцца тэрміны збораў і колькасць рэзервістаў, якіх плануецца набраць. Пры гэтым дакумент утрымлівае два сакрэтныя пункты з грыфам «для службовага карыстання».
Колькасць удзельнікаў збораў Крэмль засакрэчваецца шмат гадоў, а тэрміны мерапрыемстваў – з 2019 года. У 2018 годзе зборы доўжыліся два месяцы.
Папярэднія ваенныя зборы, якія адбыліся ў траўні 2023 года, улады планавалі правесці з выкарыстаннем электронных павестак. Яны будуць прыходзіць рэзервістам у рэгіёнах, дзе гатовая сістэма, расказваў кіраўнік камітэта Дзярждумы ў абароне Андрэй Картаполаў.
У адпаведнасці з федэральнымі законамі «Аб абароне» і «Аб воінскім абавязку і ваеннай службе» ўсе, хто атрымаў позву, абавязаныя цягам двух дзён прыбыць на месцы выкліку.