Адпраўка заходніх войскаў ва Украіну: Макрон збірае сустрэчу ў Елісейскім палацы
26- 1.03.2024, 20:59
- 18,472
Прэзідэнт Францыі не закрывае тэму адпраўкі сваіх салдатаў ва Украіну.
Елісейскі палац збірае лідараў партый, прадстаўленых у парламенце Францыі, на сустрэчу, прысвечаную сітуацыі ва Украіне.
Як піша газета Le Figaro (пераклад – «Уніян»), прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, сутыкнуўшыся з крытыкай з боку заходніх краінаў, хоча абмеркаваць пытанне адпраўкі вайскоўцаў ва Украіну з усімі палітычнымі сіламі. Сустрэча адбудзецца раніцай у чацвер, 7 сакавіка.
Нагадаем, 26 лютага ў Парыжы адбылася сустрэча 20 еўрапейскіх лідараў. Пасля яе Макрон сказаў, што яны абмяркоўваюць верагоднасць адпраўкі сваіх войскаў ва Украіну, аднак агульнай пастановы няма.
Літва заявіла, што гэтую ідэю варта абмеркаваць, а Канада выказала гатоўнасць выправіць сваіх вайскоўцаў, але толькі для навучання ўкраінскіх байцоў.
Тым часам Макрон не стаў адмаўляцца ад сваёй заявы. Ён сказаў журналістам, што кожнае ягонае слова на гэтую тэму было ўзважаным і прадуманым.