СМІ: Паўночная Карэя прыпыніла пастаўкі боепрыпасаў у Расею
11- 1.03.2024, 21:33
- 18,022
Спыніліся перавозкі паміж марскімі партамі дзвюх краінаў.
КНДР, верагодна, прыпыніла пастаўкі артылерыйскіх снарадаў у Расею. На гэта паказваюць звесткі спадарожнікавага маніторынгу, якія аналізуе паўднёвакарэйскае выданне NK Pro (пераклад – «Уніян»).
Адзначаецца, што некалькі расейскіх караблёў з восені мінулага года выконвалі рэгулярныя рэйсы паміж партамі Паўночнай Карэі і Расеі, перавозячы кантэйнеры, як мяркуецца, з боепрыпасамі. Аднак вось ужо тры тыдні гэтыя перавозкі не ажыццяўляюцца.
Гаворка ідзе пра чатыры кантэйнеравозы – «Мая 1», «Ангара», «Марыя» і Lady R. Сукупна яны здзейснілі ў Паўночную Карэю мінімум 32 рэйсы: з порта Раджын (КНДР) у расейскія парты Прыморскага краю – у пасёлку Дунай і пасёлку Васточны. Адтуль кантэйнеры везлі чыгункай у Краснадарскі край – бліжэй да межаў Украіны.
Апошні такі рэйс быў выкананы 12 лютага, калі ў порт Раджын прыйшла «Мая-1». З таго часу спадарожнікі не зафіксавалі ніводнага новага рэйсу ў гэты паўночнакарэйскі порт. Акрамя таго, з унутраных раёнаў КНДР у гэты порт перасталі паступаць новыя кантэйнеры праз чыгунку. Пры гэтым ужо выгружаныя з расейскіх караблёў кантэйнеры застаюцца ў карэйскім порце і не вязуцца ўглыб краіны: відавочна, яны пустыя і пакуль не патрабуюцца для новых паставак.
Чаму менавіта спыніліся перавозкі грузаў паміж карэйскім портам і Расеяй, пакуль не зразумела. Аўтары публікацыі мяркуюць, што прычынай могуць быць праблемы з вытворчасцю новых боепрыпасаў у Паўночнай Карэі або лагістычныя праблемы.
«Таксама нельга выключыць, што зброя перадаецца ў Расею паветраным ці чыгуначным транспартам праз агульную сухапутную мяжу дзвюх краінаў», – адзначае выданне.
Нагадаем, што восенню летась на фронце ў расейскіх войскаў пачалі з'яўляцца снарады паўночнакарэйскай вытворчасці. Гэта, верагодна, стала вынікам прамых дамоўленасцяў паміж Пуціным і Кім Чэн Ынам падчас іх асабістай сустрэчы ў верасні.
Паводле ацэнак аналітыкаў, Расея атрымала не менш за мільён карэйскіх снарадаў, а магчыма, і больш. Таксама Расея атрымала некаторую колькасць балістычных ракетаў з КНДР. Як мінімум 20 ракетаў ужо было выпушчана па тэрыторыі Украіны.