У Менску не могуць знайсці амаль 35 тысячаў працаўнікоў
17- 14.03.2024, 21:02
- 6,476
Сярод спецыялістаў найбольш патрэбныя медыкі.
На стан 1 сакавіка кампаніі ў Менску шукалі 34,6 тыс. працаўнікоў. З іх на працоўныя спецыяльнасці – 21,6 тысячы або 62,3% ад усіх адсутных кадраў. Пра гэта паведамляе Камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкама.
Пры гэтым па спрыянне ў працаўладкаванні да чыноўнікаў звярнуліся толькі 1513 чалавек. З іх дапамаглі знайсці занятак 63 адсоткам людзей. Гэта не толькі сталая праца, але і часовыя аплатныя грамадскія працы.
З ліку спецыялістаў найбольш патрэбныя лекарскія працаўнікі, спецыялісты ў сферы адукацыі і культуры, інжынерныя працаўнікі, фінансавыя працаўнікі, кіраўнікі арганізацый і іх структурных падраздзяленняў, спецыялісты ў розных сферах.
«У попыце на працоўныя кадры пераважаюць прафесіі гандлю і грамадскага харчавання (кухар, прадавец, кантралёр-касір, афіцыянт, мыйнік посуду), будаўнічага профілю (муляр, маляр, тынкоўнік, электрагазазварнік), сферы транспарту (кіроўца аўтамабіля, тралейбуса, пагрузчыка, трактарыст), прамысловасці (аператар станкоў з праграмным кіраваннем, слесар механазборачных працаў, слесар-рамонтнік, слесар-зборнік побытавай тэхнікі, токар, фрэзероўнік, электраманцёр), жыллёва-камунальнай гаспадаркі (працоўны ў комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў, слесар-сантэхнік, прыбіральнік тэрыторый)», – піша Камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкама.
Паводле звестак рэспубліканскага банка вакансій, 14 сакавіка ў Беларусі шукаюць 138,6 тыс. працаўнікоў. З агульнай колькасці вакансій амаль 63 тысячы былі размешчаныя за апошні месяц.