25 снежня 2024, Серада, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як гетман Павел Сапега ў 1655 годзе змог адкінуць ад Берасця маскоўскае войска

4
Як гетман Павел Сапега ў 1655 годзе змог адкінуць ад Берасця маскоўскае войска

Мужнасць легендарнага Паўла Сапегі высока шанавалі каралі Рэчы Паспалітай.

Нарадзіўся Павел Сапега прыблізна ў 1610 годзе, і быў ён самым малодшым, чацвёртым сынам, у сям'і Усвяцкага старасты Яна Сапегі і Сафіі Вейгер. У 1612 годзе памёр бацька Паўла, і за ягонае выхаванне ўзяўся ягоны старэйшы брат Андрэй. У 1622 годзе Сапега едзе вучыцца ў Еўропу, і вяртаецца на радзіму, пасля заканчэння навучання ў езуіцкай калегіі ў Брунсбургу ў 1631 годзе, піша сайт vklby.com.

У наступным 1632 годзе Павел Сапега ўдзельнічае ў Смаленскай вайне, на якой камандаваў коннай харугвай. Падчас штурму замка Белага Павел Сапега ледзь не загінуў, калі вёў у бой свой атрад. Побач з ім выбухнула міна і выбухам яго скінула на зямлю. Але Сапегу пашанцавала, ён не атрымаў раненняў, а ягоная мужнасць была адзначаная каралём Рэчы Паспалітай Уладзіславам, які ўзнагародзіў яго прывілеем на вёску Касцевічы.

У далейшым Павел Сапега паступова ўзвышаўся па службовай лесвіцы, у 1638 годзе ён быў прызначаны на пасаду абознага і камандаваў абозам войска вялікага княства літоўскага. Пасля скону віцебскага ваяводы Крыштафа Кішкі ў 1648 годзе Павел Сапега быў прызначаны на ягонае месца.

Узначаліўшы полк свайго стрыечнага брата Казіміра Лявона Сапегі, які быў падканцлерам ВКЛ, удзельнічаў у бітве пад Лоевам, Зборавам, Жванцом і Берасцечкам. У бітве пад Берасцечкам Сапега на чале свайго палка разам з палком Юрыя Любамірскага ў самы цяжкі момант спынілі наступ татарскай конніцы. Службу Сапегі высока ацаніў у каралеўскім прывілеі кароль Рэчы Паспалітай Ян Казмір.

У пачатку вайны ВКЛ з маскоўскім княствам, якая пачалася ў 1654-м годзе Павел Сапега знаходзіўся ў Берасці і збіраў войскі, не шкадуючы на іх сваё фамільнае срэбра і золата, а таксама ён узяў вялікую суму ў пазыкі,каб плаціць жаўнерам. У вайну ён уступіў у 1655 годзе, калі пад Берасцем змог адкінуць ад горада 18 тысячнае маскоўскае войска пад камандаваннем ваяводы Урусава. Да таго моманту войска Паўла Сапегі складала блізу 6 тысяч чалавек.

Увесь гэты час, пакуль Павел Сапега набіраў войскі і разбіў маскоўскае войска пад Берасцем, яму ўвесь час дасылалі амбасадараў швэдскі кароль і маскоўскі цар з прапановай перайсці на іх бок, але Сапега маўчаў, і толькі абяцаў, што ён падумае, і нават, калі кароль Ян Казмір паклікаў яго да сябе ў Польшчу, ён застаўся на месцы і заняў пазіцыю чакання. Тым часам, сілы Сапегі раслі.

Да пачатку 1656 года войска Сапегі складала 8 тысяч жаўнераў, частку яго ён адправіў пад Тыкоцін, дзе засеў Януш Радзівіл, а з другой часткай ён адправіўся ў Падляшша, дзе заняў Бельск. Харугвы, якія раней далучыліся да швэдаў, адна за адной, пераходзілі пад камандаванне да Паўла Сапегі, і цяпер ягоныя войскі налічвалі 12 тысяч чалавек, і з гэтымі сіламі ён пайшоў на швэдскага караля.

Вясной 1656 года Сапега разам з польскімі войскамі падчас пераследу швэдскага караля Карла Густава, які ішоў на Варшаву, падзяляе войска. Адну частку ён адпраўляе ўслед за Карлам Густавам, а з другой ідзе на Люблін і 12 сакавіка штурмам бярэ горад.

Далей Павел Сапега рушыў да Варшавы і 22 красавіка ўзяў горад у аблогу. Варшава пад аблогай Паўла Сапегі знаходзілася месяц, пакуль не падышлі сілы Яна Казіміра і астатнія гетманы са сваімі войскамі.

У бітве пад Варшавай Сапегу давялося спачатку ўдзельнічаць у штурме горада, а пасля таго, як узялі Варшаву, давялося яе абараняць ад прыбылых новых швэдскіх сіл на чале з Карлам Густавам, і падчас адной з атак швэдаў Павел Сапега падае з каня і калечыць нагу.

Пасля выздараўлення Павел Сапега вяртаецца ў Літву і зноў пачынае збіраць войскі ў Берасці і Пінску, пасля чаго, 27 лютага 1657 года, штурмам бярэ Тыкоцін. У сакавіку гэтага ж года, ён праводзіць з'езд ліцвінскіх прадстаўнікоў і абвяшчае «Паспалітае Рушэнне», дагэтуль ён ужо стаў бясспрэчным лідарам у Літве і вялікім гетманам літоўскім.

У пачатку вясны 1659 года Павел Сапега вызваляе Гародню і прадаўжае ваяваць супраць маскоўскага княства. У наступным 1660 годзе, 28 чэрвеня, Сапега разам з Чарнецкім разбівае войска Хаванскага пад Палонкай, у гэтай вялікай бітве маскоўскія войскі панеслі значныя страты, а для Вялікага Княства Літоўскага гэтая бітва стала адной з буйных і важных перамог з пачатку вайны.

Пасля разгрому Хаванскага Павел Сапега камандуе войскамі да 1663 года, пакуль хвароба не вымусіла яго пакінуць войска і адправіцца лячыцца ў вызвалены Быхаў. Праз два гады, так і не вярнуўшыся да свайго войска, Павел Сапега памірае 30 снежня 1665 года, не дажыўшы ўсяго два гады да ўкладання міру з Маскоўскім княствам і заканчэння 13 гадовай вайны, у якой ён прыклаў усе сілы, магчымасці і багацці для абароны сваёй бацькаўшчыны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках