«Жалезная лэдзі» БНР: цікавыя факты пра Палуту Бадунову
1- 19.03.2024, 12:23
- 2,726
Біяграфія выбітнай жанчыны з гісторыі Беларусі абавязкова з'явіцца ў школьных падручніках.
У гісторыі Беларусі ёсць свая «жалезная лэдзі»: стагоддзе таму актыўна працавала над стварэннем незалежнай беларускай дзяржавы Палута Бадунова. Аб ёй не згадваюць у школьных падручніках. «Еўрарадыё» наважыла выправіць гэты прабел і расказала цікавыя факты пра яе.
З настаўніц - у рэвалюцыянеркі
Палута (па пашпарце — Пелагея) Бадунова нарадзілася ў 1885 годзе ў Новай Беліцы, цяпер гэта частка Гомеля. Хатняй гаспадыняй яна быць не хацела - і атрымала адукацыю настаўніцы расейскай мовы і геаграфіі. Выкладала ў сельскіх школах, праз некалькі гадоў паехала ў Пецярбург на вышэйшыя курсы паляпшаць свае навыкі і адукацыю.
Там жа Палута сустрэла лютаўскую рэвалюцыю. І актыўна падключылася да яе, увайшоўшы ў тым ліку ў Савет працоўных і салдацкіх дэпутатаў.
Працавала на Беларусь
У тым жа годзе Палута далучылася да Беларускай Сацыялістычнай Грамады - першай беларускай нацыянальнай партыі, якая, няхай і падтрымліваючы левыя ідэі, выступала за беларускую дзяржаўнасць.
Потым - выканкам Вялікай беларускай рады, Рада Усебеларускага з'езда і іншыя арганізацыі, якія стаялі за стварэннем сваёй краіны для беларусаў.
Першая жанчына-міністарка БНР
Подпіс Палуты Бадуновай стаіць пад Актам 25 сакавіка 1918-га - тым самым, у якім абвяшчалася аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Як народны сакратар (груба кажучы, міністр) яна «вяла» сацыяльныя пытанні.
Яе затрымлівалі бальшавікі
Палуту неаднаразова затрымлівалі за яе дзейнасць бальшавікі. Але ў адносна «спакойныя часы» гэта не канчалася сур'ёзнымі тэрмінамі. Пасля няўдалых спроб працягваць працаваць у Беларусі ўжо пасля стварэння СССР Бадунова пакінула краіну і два гады працягвала працаваць у Празе.
Але потым, у 1925-м, ёй дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Пасля яна ўжо не магла пакінуць СССР.
Была рэпрэсаваная за Беларусь
У Беларусь Палута вярнулася з падарваным здароўем, весці ранейшую палітычную дзейнасць яна не магла. Таму жыла са сваякамі і пры іх падтрымцы.
У 1937-м, падчас Вялікага тэрору, Бадунову арыштавалі. Допыт быў адзіны: 22 лістапада. Усяго праз тыдзень «тройка» НКВД прысудзіла яе 10 гадоў лагераў, але туды яна так і не адправілася. Актывістку працягвалі трымаць у зняволенні, пакуль у траўні 1938-га, ужо паводле справы аб «антысавецкім падполлі», яе не прысудзілі да расстрэлу. Прысуд быў прыведзены ў выкананне 29 лістапада 1938-га. Дзе пахавалі Бадунову, невядома.
У нулявых у Гомелі збіралі подпісы за перайменаванне адной з вуліц у гонар Бадуновай. Чыноўнікі адмовілі, і замест адной з заснавальніц першай беларускай дзяржавы пакінулі вуліцу названай у гонар балгарскага камуніста.