ЦАХАЛ заявіў пра захоп 650 тэрарыстаў
- 21.03.2024, 21:01
- 8,476
Сярод іх ёсць камандзіры ХАМАС.
Вайскоўцы Ізраіля заявілі пра захоп у палон блізу 650 тэрарыстаў, у тым ліку некалькіх высокапастаўленых камандзіраў ХАМАС і палестынскага «Ісламскага джыхаду».
Пра гэта паведамляе Times of Israel.
Паводле звестак выдання, ЦАХАЛ праводзіў ваенную аперацыю ў лякарні «Шыфа» ў горадзе Газа, тады і былі захопленыя тэрарысты. Баевікі, якія хаваліся ў медыцынскім цэнтры, здаліся войскам.
Паводле папярэдніх звестак, сярод захопленых – камандзір аддзела назірання і выведкі ў горадзе Газа Хусам Саламэ і ягоны брат кіраўнік падраздзялення прапаганды тэрарыстычнай групоўкі Вісам Саламэ.
Таксама ў палон былі захопленыя тры старэйшыя афіцэры так званай штаб-кватэры ХАМАСу на Заходнім беразе ракі Іардан. Адзін з захопленых – гэта адзін з арганізатараў выкрадання і забойства трох ізраільскіх падлеткаў у 2014 годзе Махмуд Кавасмех, іншы – Хамдала Хасан Алі, удзельнічаў у кіраўніцтве нядаўнімі нападамі на Заходнім беразе ракі Іардан.
Затрыманыя тэрарысты былі дастаўленыя ў Ізраіль для далейшага допыту ў «Шын-Бэт».
Акрамя гэтага, падчас рэйду было ліквідавана яшчэ больш за 140 баевікоў. А падчас ператрусу лякарні салдаты ЦАХАЛ канфіскавалі зброю і дакументы выведкі.