2 траўня 2024, Чацвер, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Раскосмас» назваў прычыну скасавання запуску «Саюза» на МКС з беларускай

38
«Раскосмас» назваў прычыну скасавання запуску «Саюза» на МКС з беларускай

Запуск быў скасаваны ў апошнюю хвіліну.

На касмадроме Байканур у Казахстане ў чацвер, 21 сакавіка, у апошнюю хвіліну скасавалі запуск ракеты «Саюз-21а» з караблём «Саюз МС-25» праз спрацоўванне аўтаматыкі. «Саюз» з экіпажам з трох чалавек павінен быў паляцець на Міжнародную касмічную станцыю (МКС).

Кіраўнік «Раскосмасу» паведаміў, што запуск быў скасаваны праз падзенне напружання хімічнай крыніцы току. «На апошнім этапе перадпускавай падрыхтоўкі адбылася няштатная сітуацыя, і ўся працэдура была перапыненая. Прычына выяўленая. Цяпер мы толькі што на паседжанні дзяржаўнай камісіі высветлілі, што прычынай была прасадка напружання хімічнай крыніцы току», – сказаў Барысаў.

«Саюз» павінен быў стартаваць у 16:21 паводле Менска, але падчас трансляцыі было абвешчана, што адбылося аўтаматычнае скасаванне пуску. На борце карабля знаходзіліся нараджэнец Беларусі Алег Навіцкі, беларуска Марына Васілеўская і амерыканка Трэйсі Дайсан. Старт перанесены на раніцу 23 сакавіка.

У Расеі гэта першы выпадак скасавання запуску ракеты з пілатаваным караблём у апошнюю хвіліну. Агенцтва AFP называе тое, што здарылася, «чарговай няўдачай для расейскай касмічнай праграмы, якая ўжо многія гады пакутуе ад недастатковага фінансавання, карупцыйных скандалаў і крахаў, такіх як страта месяцовага зонда “Месяц-25” у жніўні 2023 года».

Для Навіцкага палёт стане чацвёртым. Увогуле ён правёў на арбіце 531 дзень і 6 гадзінаў 58 хвілінаў. Касманаўт тройчы выходзіў у адкрыты космас і прабыў там 22 з паловай гадзіны.

Васілеўская – бортправадніца-інструктарка авіякампаніі «Белавія». Лётае ў складзе экіпажаў Boeing і Embraer. У рамках адбору для палёту ў космас яна абышла 3 тыс. іншых прэтэндэнтак і стане першай грамадзянкай Беларусі, якая пабывала ў космасе.

Амерыканка Трэйсі Дайсан – доктарка хімічных навук (PhD), яна займалася навуковай працай у галіне хіміі атмасферы. Кандыдаткай у астранаўты NASA стала яшчэ ў 1998 годзе. Свой першы палёт яна здзейсніла ў 2007 годзе.

Навіцкі і Васілеўская павінны былі правесці на арбіце 12 дзён, а потым вярнуцца на Зямлю на караблі «Саюз МС-24» разам з амерыканкай Лорал О'Хара. Трэйсі Дайсан павінна была вярнуцца толькі ў верасні з расейскімі касманаўтамі Алегам Кананенкам і Мікалаем Чубам на караблі «Саюз МС-25».

Цяперашні палёт стане трэцім на расейскім караблёў «Саюз МС» у рамках пагаднення аб супольных палётах на МКС, заключаным «Раскосмасам» і амерыканскім касмічным агенцтвам NASA.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках