Орбан напісаў ліст Пуціну
27- 21.03.2024, 21:37
- 10,208
Прэм'ер-міністр Вугоршчыны выказаў жаданне нарошчваць супрацоўніцтва паміж краінамі.
Прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан напісаў віншавальны ліст дыктатару Уладзіміру Пуціну ў гонар ягонага «перавыбрання» на пасаду прэзідэнта РФ.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэм'ера Берталан Хавасі, паведамляе Index.hu.
Адзначаецца, што пасля абвяшчэння афіцыйных «вынікаў выбараў» у РФ Орбан пастанавіў накіраваць ліст, у якім павіншаваў Пуціна з «перавыбраннем» на пасаду прэзідэнта Расейскай Федэрацыі.
У лісце ён выказаў радасць, што супрацоўніцтва Вугоршчыны і Расеі грунтуецца на ўзаемнай павазе, што «дазваляе абмяркоўваць важныя пытанні нават у цяперашняй, вельмі складанай геапалітычнай сітуацыі».
«Вугоршчына стаіць на баку міру, і краіна перакананая, што падтрыманне дыялогу з'яўляецца асноватворнай умовай для найхутчэйшага ўсталявання міру», – ідзецца ў лісце Орбана.
Хавасі дадаў, што Орбан выказаў Пуціну жаданне нарошчваць супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферах, не абмежаваных міжнародным правам.