Расейцы ракетай патапілі свой карабель «Капітан Лабанаў» у Балтыйскім моры.
29- 21.03.2024, 21:49
- 37,168
СМІ паказалі відэа.
Расейскі траўлер «Капітан Лабанаў» патануў у Балтыйскім моры 19 сакавіка ў выніку трапляння ракеты падчас вучобы Ваенна-марскога флоту УС РФ. Праз памылковы ўдар на караблі адбыўся пажар, і рыбалоўны карабель пайшоў на дно.
Пра гэта паведамляе расейскае выданне «Дождж».
Такую прычыну затаплення «Капітана Лабанава» журналістам пацвердзіў сваяк чальца экіпажу траўлера.
Ён дадаў, што тады на борце карабля ў выніку ракетнага ўдару загінулі тры чалавекі і яшчэ чацвёра атрымалі раненні. Крыніца таксама ўдакладніла, што ракета была выпушчаная падчас вучэнняў расейскага Балтыйскага флоту – яна ўпала на рубку капітана карабля.
Між тым мясцовыя ўлады заяўлялі, што на борце траўлера адбыўся пажар, а прычыны гэтага інцыдэнту пакуль невядомыя. Таксама афіцыйна былі агучаныя звесткі толькі пра адну ахвяру.
«Калі забіралі тых, хто выжыў, усе выдатна ведалі, што загінулі тры чалавекі. І ўсе цудоўна ведалі, што ўдарыла ракета. Але яны пастанавілі напісаць, што адбылося “загаранне”», – паведамляе словы крыніцы «Дождж».
Ён дадаў, што капітанскую рубку «проста знесла».
Ацалелых чальцоў экіпажу скіравалі ў шпіталь у горадзе Піянерск, стан аднаго з іх ацэньваюць як цяжкі.
«Паводле словаў крыніцы, у шпіталі пацярпелых дапыталі супрацоўнікі ФСБ, якія папрасілі чальцоў экіпажу “не распаўсюджвацца” пра інцыдэнт», – гаворыцца ў публікацыі.
Акрамя таго, паведамляецца, што яшчэ адна ракета, выпушчаная на ваенных вучэннях, упала ў рыбалоўныя сеткі побач з прамысловым караблём кампаніі МРТК, які ў той момант быў каля траўлера.
СМІ таксама апублікавалі відэа, як у Балтыйскім моры палаў карабель «Капітан Лабанаў».