Угодкі БНР: сучасны сімвалізм гістарычнай даты
2- Севярын Квяткоўскі
- 25.03.2024, 20:02
- 1,374
Дзень Волі будзе дзяржаўным святам.
Станаўленне беларускай незалежнасці не скончанае. Справу, распачатую сто шэсць гадоў таму айцамі-заснавальнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі, працягваюць сёння дзясяткі тысяч беларусаў, а спачуваюць ужо мільёны.
Я бы вельмі хацеў, каб у будучыні Дзень Волі быў звычайным дзяржаўным святам, і адзначаўся на роўні з Вялікаднем ці Раством.
Пакуль жа Дзень Волі адзін з сімвалаў барацьбы за незалежнасць, як і на пачатку ХХ ст – ад Расеі, і сімвал змагання за волю, то бок свабоду, для грамадзянаў.
Дзень Волі ў Беларусі адзначаецца ад 1990-га году. Тады ён быў сімвалам барацьбы за фактычную незалежнасць нацыянальнай дзяржавы Беларусі.
Аўтара назвы «Дзень Волі» – гэта мысляр, пісьменнік Сяргей Дубавец. Назву ён прыдумаў да спецвыпуску газеты «Свабода», якую рэдагаваў у 1990-м годзе.
У 1996 годзе з Дня Волі пачалася Менская Вясна – тры месяцы бесперапынных пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Пратэстаў, якія прывялі да збору ста тысяч подпісаў за імпічмент Лукашэнкі.
Імпічмент праваліўся, грамадзянаў пачалі ўсё больш прыціскаць, і на пачатку «дзвюхтысячных» удзел у Дні Волі стаўся свайго кшталту ўзыходам на галгофу, як выказаўся хтосьці з маіх фрэндаў у фэйсбуку.
Выйсці на Дзень Волі – гэта быў смелы ўчынак, бо кожны ведаў, што можа быць збітым, і атрымаць «суткі».
За гады супраціву ў Беларусі ўтварыліся свае «брацтвы» і «сястрынствы» удзельнікаў Дня Волі. Можна было ігнараваць тыя ці іншыя партыйныя мітынгі, але Дзень Волі і праўда ператварыўся для шмат каго ў святы дзень. У своеасаблівы дзень Раства і Вялікадня Беларускай веры – разам.
Ha стагоддзе БНР у 2018 годзе абышлося без масавых затрыманняў. Але нават у атмасферы напругі, пад прыглядам узброеных людзей, толькі ў адным Менску праз святочную пляцоўку да Дня Волі прайшлі дзясяткі тысяч людзей.
Выключна той, хто жыў у дыктатарскай краіне, можа зразумець як гэта шмат. Бо паўтаруся – усе ведаюць, што на Дзень Волі ладзяцца «хапуны», таму не кожны можа сабе дазволіць рызыкаваць свабодай і здароўем. А пасля 2020 году мы ведаем, што і жыццём.
Ад усяго сэрца віншую адзінадумцаў з Днём Волі. Нас ужо мільёны тых, хто хоча скінуць дыктатуру і жыць вольна.
Жыве!
Севярын Квяткоўскі, «Радыё Рацыя»